Дзе Беларусь возьме грошы на газ?

Еўрарадыё распытала былога прэм’ера Беларусі Вячаслава Кебіча і колішняга старшыню Нацбанка Станіслава Багданкевіча аб тым, чаму “газавая” справа дайшла да пагроз, калі грошы ў Беларусі ёсць. “Я даў каманду: узяць з рэзерваў гэтыя грошы і заплаціць ім гэтыя 460 мільёнаў долараў. Гэта не сума для краіны,” — з такімі словамі Аляксандр Лукашэнка пасля дзённага маўчання пачаў разбірацца з газавымі праблемамі. Праўда, прэзідэнт не ўдакладніў, адкуль канкрэтна трэба ўзяць грошы і ці ёсць яны навогул. Паводле яго слоў, аддаючы ўсю суму, Беларусь агаляе рэзервы. Аднак на працягу месяца іх папоўняць ледзь не дармавыя крэдыты нашых сяброў, у прыватнасці Уга Чавеса і Венесуэлы.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму, калі ў Беларусі насамрэч хапае сродкаў, яна не можа разлічыцца з “Газпромам”. На думку колішняга прэм’ер-міністра нашай краіны Вячаслава Кебіча, ва ўсім вінаваты прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.

“Трэба было адразу плаціць! Мы ж разумелі, што рана ці позна, але плаціць усё адно давядзецца. Усе гэтыя паездкі, якія цяпер робяцца, трэба было рабіць значна раней. Навошта спатрэбілася ехаць тады, калі нам выказалі пагрозу? Трэба было ехаць Сідорскаму раней! Акрамя таго, вядзе перамовы старшыня “Белтрансгазу”, а тут высвятляецца, што ён ужо звольнены. Гэта несур’ёзнасць нейкая”

Сяргей Гайдукевіч яшчэ больш радыкальна настроены супраць Сідорскага. На яго думку, урад трэба мяняць.

“Абсалютна адназначна, што ўрад павінен пайсці ў адстаўку. Гэта маё ўласнае меркаванне. Як палітык я ў гэтым цалкам упэўнены. Гэтая балбатня асабіста мне надакучыла”

Колішні старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч называе гэты крызіс штучным. Ён лічыць, што ўлады, маючы грошы, наўмысна адцягваюць аплату за газ — дзеля таго, каб атрымаць выгадны расійскі крэдыт.

“Урад ведае, што наспяваюць вялікія праблемы ў эканоміцы. Таму ўрад хоча закансерваваць тое, што мае, і адсунуць абвал эканомікі. А для таго, каб адсунуць абвал, неабходна атрымаць крэдыты. А каб атрымаць ільготны доўгатэрміновы крэдыт ад Расіі, яны заяўляюць, што няма чым плаціць за газ”

Як лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук, насамрэч грошай не хапае, тым больш што ў снежні давядзецца плаціць яшчэ 500 мільёнаў долараў. Гэта, на яго думку, адаб’ецца на простых жыхарах, паколькі цэны павысяцца.

“Павысяцца тарыфы для насельніцтва і прамысловых прадпрыемстваў. Іншай крыніцы знайсці гэтыя грошы проста няма. Акрамя таго, я думаю, што беларускі ўрад без дэвальвацыі таксама не абыйдзецца”

Вячаслаў Кебіч прызнаўся Еўрарадыё, што падобныя сітуацыі ўзнікалі і ў часы, калі ён быў прэм’ер-міністрам. Аднак выказаў надзею, што без газу Беларусь не застанецца.

“Гэта, увогуле, было і пры мне, калі я быў прэм’ер-міністрам. Не можа Беларусь застацца без газу. Знойдуць выйсце, і вырашыцца гэта пытанне. Калі і будзе перапынак у падачы газу, то толькі дзень-два. Не больш”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі