Вы тут

Дызайнеру Цэслеру прызначылі арэнду за майстэрню — 15 ягоных пенсій

Уладзімір Цэслер / Еўрарадыё

Камітэт дзяржкантролю правёў маніторынг творчых майстэрняў беларускіх мастакоў і дызайнераў. У выніку чыноўнікі пазбавілі творцаў ільготнай арэнды і выставілі ім вялізныя рахункі, піша TUT.by.

Беларускі саюз дызайнераў мае 60 майстэрняў, 30 з іх — у Мінску. Гэтыя майстэрні размяркоўваюцца паміж сябрамі творчага саюзу. За арэнду мастакі плацілі паводле льготных тарыфаў — 10% ад поўнага кошту. 

Але праверка Дзяржкантролю вырашыла, што творцы займаюцца камерцыйнай дзейнасцю — прадаюць свае працы. Іншая прэтэнзія — выкарыстанне памяшкання не паводле прызначэння. 

"У КДК палічылі, што ў майстэрнях вядзецца прадпрымальніцкая дзейнасць, таму ніякіх ільготаў у мастакоў і дызайнераў не павінна быць. Заўсёды ў майстэрнях працавалі мастакі, яны стваралі свае творы, якія ў выніку прадаваліся — у музеі, у прыватныя калекцыі. Творчая майстэрня — гэта працоўнае месца мастака або дызайнера. Часцяком гэта яго адзінае месца, дзе ён можа зарабіць на жыццё і на арэнду гэтай самай майстэрні", — тлумачыць старшыня Беларускага саюза дызайнераў Зміцер Сурскі.

Па яго словах, аплаціць выстаўленыя рахункі за арэнду не змогуць ні самі мастакі, ні Саюз дызайнераў, якому належаць памяшканні. Дарэчы, творчаму саюзу дакументаў не падалі. "Рахункі выставілі нашым дызайнерам. Максіму Карасю налічылі больш за 98 тысяч рублёў. Зразумела, што такіх грошай няма ні ў яго, ні ў саюза. Мы за год можам максімум сабраць 30 тысяч рублёў і тое, калі ўсё заплацяць ўнёскі", — распавядае Сурскі. 

Іншым дызайнерам выставілі рахункі больш за дзве тысячы рублёў. Прычым па адной такой прэтэнзіі з рахунку Саюза ўжо спісана на адрас ЖРЭА Ленінскага раёна 2000 рублёў.

Асобна ён спыніўся на выпадку з вядомым дызайнерам Уладзімірам Цэслерам. У яго памяшканні правяраючыя пабачылі ложак і вырашылі, што памяшканне выкарыстоўваецца не паводле мэты. "У Валодзі Цэслера ў майстэрні ўбачылі ложак і прычапіліся да гэтага, а яму ж амаль 70 гадоў. Ён што, не мае права, працуючы ў майстэрні за камп'ютарам ці мальбертам, прылегчы і расслабіцца? Палічылі, што нямэтавае выкарыстанне!" — абураецца старшыня творчага саюза.

У іншай майстэрні праверка пабачыла некалькі швейных машынак, і таксама зрабіла выснову пра нямэтавае выкарыстанне памяшкання. "Але ў кожнага мастака — свой інструмент: у кагосьці палатно і алей, а ў кагосьці — швейная машынка, прас, тканіна і голкі. У дызайнера ў арсенале могуць быць нават такарныя станкі, у мяне ў самога ў майстэрні ўвесь камплект слясарнага і сталярнага абсталявання", — тлумачыць Сурскі.

Яшчэ адна прэтэнзія — тое, што некаторыя мастакі і дызайнеры з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Па словах старшыні саюза, мастакі рэгістраваліся як ІП, каб легальна прадаваць свае карціны. Да іх былі прэтэнзіі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, калі карціны прадаваліся часцей, чым раз у год. Цяпер жа мастакоў адмаўляюцца лічыць творчымі работнікамі, бо на іх зарэгістравана ІП. 

Уладзімір Цэслер, каментуючы для TUT.by сітуацыю, распавёў, што яму арэнду майстэрні паднялі з 400 долараў у месяц да 1500. "У мяне пенсія прыкладна 100 долараў. Раней арэнда была чатыры пенсіі — цяпер будзе 15 пенсій. 1,5 тысячы долараў у месяц я плаціць не змагу, таму прыйдзецца адмовіцца ад майстэрні", — канстатуе мастак. Ён не выключае, што яму давядзецца кінуць працаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.