Вы тут

Дырэктарка школы ў Чавусах адмаўляе масавае атручэнне вучняў

СШ №2 у Чавусах / 2chausy.school.by

Кіраўніцтва чавускай сярэдняй школы №2 і кіраўніцтва райаддзела адукацыі адмаўляюць, што ў школе адбылося масавае атручэнне вучняў. Таксама яны кажуць, што школа не каранцін не зачынялася. 

Пра атручэнне вучняў журналістам Радыё "Свабода" паведамілі некалькі крыніц з Чавусаў. Паводле іх слоў, у шпіталь трапілі ад 4 да 10 дзяцей. Пасля гэтага нібыта абмяркоўвалася закрыццё школы на каранцін. 

Адзін з жыхароў Чавусаў сказаў журналістам, што дзіця з іншай школы прыйшло дадому з высокай тэмпературай і ванітамі. Лекары нібыта заявілі пра атручэнне. "Рабілі кропельніцу. Дзіця яшчэ ў шпіталі", — дадаў мужчына.

Дырэктарка школы №2 Наталля Кірпічова заяўляе, што ніхто школу на каранцін не зачыняў, а колькасць адсутных дзяцей — у норме. Яна кажа, што на мінулым тыдні ў школе выявілі ротавірусную інфекцыю, таму некалькі дзяцей не хадзілі на ўрокі. 

"З агульнай колькасці адсутных ротавірусная інфекцыя была зафіксаваная ў чалавек чатырнаццаці", — тлумачыць Кірпічова. Яна дадае, што пасля трох дзён адсутнасці дзеці вярнуліся да заняткаў. 

Начальнік райаддзела адукацыі Мікалай Варанцоў пацвердзіў журналістам, што вучні пачатковых класаў звяртаюцца ў лякарню з галаўным болем і расстройствам страўніка, але "масавага атручэння няма". Па яго словах, з праблемай разбіраліся спецыялісты абласной і рэспубліканскай санстанцыі: яны не выявілі ў школьнай сталоўцы крыніц інфекцыі. Таму гаворка пра каранцін школы не вялася. 

"Гэта была вонкавая крыніца і, як мяркуецца, у бабкі аднаго дзіцяці выявілі дызентэрыйную палачку. У людзей, якія трапілі ў лякарню, было звычайнае расстройства страўніка. Інфекцыі не было, і іх адпускалі дамоў", — тлумачыць чыноўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.