Дырэктарка "Белсата" Рамашэўская адказала палітолагу Прэйгерману

Дырэктарка "Белсата" Рамашэўская адказала палітолагу Прэйгерману

Права на крытыку — гэта прэрагатыва і эксклюзіўнае права рэдакцыі любога незалежнага СМІ, лічыць дырэктарка тэлеканала "Белсат" Агнешка Рамашэўская-Гузы. Пра гэта яна напісала ў адкрытым лісце кіраўніку экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” палітолагу Яўгену Прэйгерману

Як паведамляла Еўрарадыё, Яўген Прэйгерман абвінаваціў тэлеканал у "чорным піяры" і неаб'ектыўным асвятленні працы "Мінскага дыялогу". Ён патрабаваў, каб да 25 чэрвеня ў тэлеэфіры і на сайце "Белсата" з'явіліся афіцыйныя прабачэнні ад імя кіраўніцтва тэлеканала. 

На пачатку свайго ліста Рамашэўская адзначае, што ліст Прэйгермана не атрымлівала, а ён быў перададзены ёй праз трэціх асобаў.

Адказваючы на закіды на адрас тэлеканалу, яна адзначыла, што журналісты "Белсата" не маглі атрымаць акрэдытацыю на форум "Мінскі дыялог", пакуль у сітуацыю не ўмяшаліся польскія дыпламаты. 

Рамашэўская прызнае, што каментары журналістаў "Белсата" маглі быць эмацыйнымі, але зусім не мелі на мэце займацца чорным піярам "Мінскага дыялогу".  

"Лічу, што дыялог паміж прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі ўладаў ды замежнымі экспертамі вельмі патрэбны сучаснай Беларусі. Аднак жа погляд на канкрэтныя праявы гэтага дыялогу, іх асвятленне (у тым ліку і крытыка) застаюцца прэрагатывай і эксклюзіўным правам рэдакцыі любога незалежнага СМІ, у тым ліку і нашага тэлеканалу, што Вы, я перакананая, добра разумееце", — звяртаецца кіраўніца "Белсата" да Прэйгермана.

Яна нагадвае, што апошнім часам палітолаг рэгулярна адмаўляўся ад удзелу ў праграмах тэлеканала. Рамашэўская прапануе Прэйгерману даць слова на тэлеканале. Хаця ўлетку праграмы кшталту "Гарачага каментара" ў жывы эфір не выходзяць, але яна абяцае знайсці іншы фармат з'яўлення палітолага ў тэлеэфіры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі