Дырэктар “Кінавідэапраката”: Паказваць Child 44 нам забаранілі катэгарычна

За адзін дзень 15 красавіка з’явілася аж дзве супрацьлеглыя навіны. Спачатку аб тым, што забаронены ў Расіі амерыканскі фільм “Нумар 44” на тэрыторыі Беларусі пакажуць, а потым цалкам адваротная — фільм з пракату ўсё ж здымаюць.

Дырэктар сталічнага аддзялення “Кінавідэапраката” Васіль Коктыш, установы, якая адказвае за дыстрыбуцыю ўсіх кінафільмаў на тэрыторыі Беларусі, расказаў Еўрарадыё, як адбывалася забарона:

“Спачатку яны, нібыта, дазволілі нам паказваць гэты фільм. Сказалі — у сябе рабіце, што хочаце. Але потым раптам у 17.00 прыйшоў электронны ліст, дзе ў катэгарычнай форме забаранілі нам гэта рабіць. Не тлумачачы прычын”, — гаворыць ён.

Пазней беларуская установа атрымала і папяровае падцверджанне забароны. “Вы зразумейце, у нас партнёрскія адносіны, яны валодаюць правамі. Мы не можам рабіць, што захочам”, — тлумачыць прычыну падпарадкавання расіянам Коктыш.

Дырэктар мінскага “Кінавідэапраката” таксама дадае, што кіраўніцтва кінатэатраў успрыняло забарону “Нумара 44” у Беларусі нават з радасцю. Маўляў, на гэтую стужку амаль не набывалі квіткоў. Цяпер яе заменяць “Фарсажам 7”, які прыносіць добры прыбытак.

Пяць прычын таго, чаму Расія можа забараніць у Беларусі амерыканскі фільм

Правамі на публічны паказ на тэрыторыі СНД абсалютнай большасці галівудскіх фільмаў валодае маскоўская кампанія “Цэнтрал Партнёршып”. Яна ж дублюе фільмы на расійскую мову. Па словах беларускіх пракатчыкаў, менавіта гэта дазваляе беларусам бачыць сусветныя прэм’еры ў той жа дзень, што і ў іншым свеце. Без супрацоўніцтва з расійскай кампаніяй гэта было б немагчымым.

Фільм “Нумар 44” (у арыгінале Child 44) раніцай 15 красавіка забаранілі ў Расіі. За дзень да выхаду ў пракат Міністэрства культуры суседняй краіны на папярэднім праглядзе стужкі вырашыла, што яго паказ у кінатэатрах недапушчальны.

"Па выніках прэс-прагляду фільма "Нумар 44" у Міністэрства культуры РФ паступілі пытанні, якія датычаць зместу фільма: у першую чаргу — скажэнні гістарычных фактаў і своеасаблівых трактовак падзей да, падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, а таксама вобразаў і характараў савецкіх грамадзян той гістарычнай эпохі… Меркаванні пракатчыкаў і прадстаўнікоў Мінкультуры супалі: пракат падобнага кшталту фільмаў напярэдадні 70-годдзя Перамогі недапушчальны", — гаворыцца ў афіцыйным каментары Мінкультуры з нагоды забароны фільма.

Дзеянне фільма “Нумар 44” разгортваецца ў СССР часоў Іосіфа Сталіна. Галоўны герой — афіцэр савецкай разведкі Леў Дзямідаў. Ён расследуе серыю дзіцячых забойстваў, але такая дзейнасць выклікае падазрэнне ў савецкіх уладаў. На іх думку, у савецкай краіне проста не можа існаваць маньяка, які здольны жорстка забіваць дзяцей. Злачынствы спрабуюць спіхнуць на алкаголікаў, гомасэксуалістаў і наркаманаў, а ў гэты час сапраўдны маньяк працягвае забіваць.

Фільм бюджэтам больш за 50 мільёнаў долараў быў зняты сумесна ў ЗША, Вялікабрытаніі, Румыніі і Чэхіі. Рэжысёр Даніэль Эспіноса.

Прэм’ера ў Беларусі была запланаваная на 16 красавіка. Фільм хацелі паказаць у Мінску, Гродне і Віцебску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі