Вы тут

Дык сем ці дзве? Колькі "дарожных картаў" засталося ўзгадніць Мінску і Маскве

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Беларусь і Расія ўжо некалькі гадоў працуюць над узгадненнем "дарожных картаў" па "паглыбленні інтэграцыі". Іх абяцалі падпісаць яшчэ да 1 лістапада 2019 года, але потым пытанне некалькі разоў адкладалася.

З часам змянялася і колькасць "нявырашаных пытанняў", якую называлі чыноўнікі. Апошнія звесткі: 27 красавіка амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка сказаў, што засталіся няўзгодненымі дзве карты. Ён думае, што іх падпішуць восенню.

Менш за тры тыдні таму Сямашка казаў, што ўрадам Беларусі і Расіі "засталося прапрацаваць літаральна сем картаў". Апошнім тэрмінам ён назваў травень.

Можа здацца, што за некалькі тыдняў чыноўнікі істотна прасунуліся ва ўзгадненні "дарожных картаў": было сем, засталося дзве. Але... Пра "тры пакінутыя без адказу пытанні" расійскія чыноўнікі гаварылі яшчэ ў канцы 2019 года. Атрымліваецца, што было тры, стала сем, а цяпер засталося дзве?

Перспектыва "паглыблення інтэграцыі" выклікала ў 2019–2020 пратэсты / Еўрарадыё

Блытаніна назіраецца таксама і з агульнай колькасцю картаў. Беларускія і расійскія топ-чыноўнікі то кажуць, што іх 31 (і так званая 31-я дарожная карта — самая адчувальная, пра стварэнне наднацыянальных органаў Саюзнай дзяржавы і ўвядзенне адзінай валюты), то, што "тры дзясяткі", то — што іх 28. Той жа Уладзімір Сямашка ў пачатку чэрвеня 2020 года гаварыў пра 28 цалкам узгодненых "дарожных картаў", яшчэ пра адну ўзгодненую "напалову" і пра загадкавую карту, якая датычыцца адзінага рынку газу. Атрымліваецца 30, з якой засталося ўзгадніць, умоўна кажучы, паўтары.

22 красавіка 2021 года Аляксандр Лукашэнка казаў, што ўзгодненыя ўжо "26-27" картаў, засталося "2-3", уключаючы падаткаабкладанне. Агульнай колькасці картаў ён не назваў, але атрымліваецца, што іх можа быць ад 28 да 30.

Вось такая матэматыка. І такое адчуванне, што больш чым за год Беларусь і Расія так і не змаглі дамовіцца па "пытаннях, якія засталіся без адказу". Але навіны пра "дарожныя карты" рэгулярна ўсплываюць у медыяпрасторы. Ці то каб прадэманстраваць Расіі, што канчатковая і беспаваротная інтэграцыя ўжо не за гарамі. Ці то каб чарговы раз паглядзець на рэакцыю грамадства: ці выспелі? Ці то каб "калектыўны Захад" папалохаць: чым больш санкцый — тым хутчэй Беларусь разварочваецца на ўсход. Але толькі вось разварот зацягнуўся. Дый у лічбах афіцыйныя асобы, відавочна, заблыталіся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.