Вы тут

Двум расіянам прад'явілі абвінавачанне за выбух салюту на 3 ліпеня

Зарады для салюту / Павел Русак, «Мінск-Навіны»

Двум грамадзянам Расіі прад'явілі абвінавачанне па справе аб выбуху салютнай устаноўкі 3 ліпеня, паведамілі Еўрарадыё ў амбасадзе Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

"Абвінавачваюць па тым жа артыкуле, па якім яны і ішлі першапачаткова", — пракаментавалі ў прэс-службе амбасады.

Супрацоўнікаў кампаніі "Пиро-Росс" 25-гадовага Максіма Сапронава і 28-гадовага Канстанціна Дзянісава абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 299 "Парушэнне правілаў абыходжання з выбуханебяспечнымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека" Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Па гэтым артыкуле расіянам пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

3 ліпеня падчас святочнага салюту ў гонар Дня Незалежнасці ў Мінску адбыўся выбух феерверкаў. У выніку загінула адна жанчына і яшчэ 9 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, некалькі чалавек былі шпіталізаваны.

Па заявах Міністэрства абароны зарады для салютаў закупляліся ў расійскай кампаніі "Пиро-Росс" без тэндараў, бо, паводле звестак Мінабароны, толькі яны падыходзілі беларускім салютным устаноўкам. Аднак прафесійныя піратэхнікі як беларускія, так і расійскія абвяргаюць гэтую заяву. Прадстаўнікі кампаніі "Пиро-Росс" заяўлялі, што гарантыя беларускіх салютных установак скончылася яшчэ год таму.