Вы тут

У справе аб выбуху салюту з'явіліся яшчэ два падазраваныя

Месца здарэння / Следчы камітэт

Следчы камітэт афіцыйна заявіў, што, акрамя двух ужо абвінавачаных расіян, ёсць яшчэ два падазраваныя ў справе аб выбуху салютных установак на 3 ліпеня. Супрацоўнікам кампаніі "Пиро-Росс", затрыманым неўзабаве пасля таго, што адбылося, сёння ўжо прад'явілі абвінавачанне.

Што датычыцца двух падазраваных, то ў Следчым камітэце адмовіліся ўдакладняць якую-небудзь інфармацыю пра іх:

"Той аб'ём [інфармацыі], які ёсць, — ён вычарпальны. Пакуль ніякіх удакладненняў або дапаўненняў не будзе", — пракаментавала Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

У Міністэрстве абароны таксама не змаглі пракаментаваць, ці з'яўляюцца падазраваныя вайскоўцамі беларускай арміі:

"Мы пакуль не можам нічога дадаць да сказанага ўжо Следчым камітэтам. Я не магу вам сказаць, ці з'яўляюцца яны нашымі вайскоўцамі. Пакуль ідзе следства, мы не з'яўляемся праваўладальнікамі інфармацыі. Таму пакуль нейкія каментарыі наконт гэтай справы можа даваць толькі Следчы камітэт", — растлумачыла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік.

Паводле інфармацыі блогера NEXTA, два падазраваныя — афіцэры Мінскай ваеннай камендатуры. Адзін з іх намеснік ваеннага каменданта капітан Паследні Д., другі — камандзір патрульнай роты старшы лейтэнант Круглік А. Апошні засвяціўся ў рэпартажы "Мінск-Навіны" пра салют у 2019 годзе і ў сюжэце СТБ за 2018 год. Абодва мелі дачыненне да падрыхтоўкі салюту.

Аляксей Круглік у сюжэце СТБ пра салют у 2018 годзе / СТБ