Вы тут

Дрэва і камень: за кошт чаго Беларусь павялічвае гандаль з Еўропай

Беларусь амаль не гандлюе з Еўропай тэхналагічнымі таварамі, але для будаўніцтва пастаўляе шмат / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Гандаль Беларусі з Еўропай пачаў расці ў траўні пасля шокаў, звязаных з вайной ва Украіне. Асабліва хутка аднаўляецца імпарт.

Еўрарадыё даведалася, чым і ў якім аб'ёме Беларусь гандлюе з ЕС пад санкцыямі, хоць Белстат схаваў гэтую інфармацыю.

Еўропа павялічыла закупкі з Беларусі ў траўні на 16%. Калі беларускі экспарт у ЕС склаў 366,9 млн еўра ў красавіку, то ў траўні — ужо 425,8 млн еўра, паведамляе Еўрастат.

Пастаўкі беларускіх тавараў у ЕС па месяцах (улік у еўра) / звесткі Еўрастата

Асноўны аб'ём беларускіх тавараў у траўні купілі Польшча (146,6 млн еўра), Літва (126,2 млн еўра), Латвія (57,8 млн еўра), Германія (32,5 млн еўра) і Чэхія (16,9 млн еўра).

Больш за ўсё Беларусь прадавала ў ЕС тавары, звязаныя з будаўніцтвам і дрэваапрацоўкай — 52,9%. Рост экспарту адбыўся ў асноўным за кошт гэтых пазіцый.

На другім месцы прадукцыя сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі, а таксама харчовая — 21,5%. Доля транспартнага абсталявання, паслуг, у тым ліку паштовых, склала 10,9%. Карысных выкапняў, паліва, хімікатаў і электрычнасці пайшло толькі 9,5%. Пакупкі па апошніх пазіцыях паступова ўсё меншыя.

Экспарт Беларусі ў ЕС па групах тавараў / Еўрарадыё

Закупкі ў ЕС Беларусь таксама павялічыла больш чым на 30%. У красавіку імпартавана тавараў на 302,4 млн еўра, а ў траўні ўжо на 395,5 млн еўра. Хутчэй за ўсё, частку гэтага росту даў перапродаж санкцыйных тавараў у Расію. Беларусы былі ў гэтым заўважаныя яшчэ пасля антырасійскіх санкцый 2014 года, а нядаўна пра такі гандаль расказалі ў МУС.

Пастаўкі еўрапейскіх тавараў у Беларусь па месяцах (улік у еўра) / звесткі Еўрастата

Самыя вялікія плыні тавараў у траўні былі з Польшчы (106,1 млн еўра), Літвы (80 млн еўра), Германіі (73,6 млн еўра), Італіі (21,3 млн еўраў) і Латвіі (19 млн еўра).

Часцей за ўсё Беларусь закупляла будматэрыялы і драўніну — 27,5%. За імі прадукцыя сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 17,8%. Амаль па 16% прыпала на імпарт транспарту, транспартных паслуг і тавараў, звязаных з аховай здароўя.

Па большасці пазіцый закупкі з ЕС растуць / звесткі Еўрастата

Вядома, увесну 2021 года, калі яшчэ не было ні санкцый за пасадку самалёта Ryanair у Мінску, ні за падтрымку расійскай агрэсіі, гандаль Беларусі з ЕС быў больш значны. Тым не менш ён не абваліўся да нуля.

Напрыклад, калі параўноўваць травень 2021 года з траўнем 2022-га, то беларускі экспарт знізіўся на 19,2%, а імпарт — на 28,6%. Пры гэтым імпарт упаў больш, чым экспарт. Гэта дрэнна для людзей і беларускіх прадпрыемстваў. Бо кампаніі не заўсёды могуць закупіць усё неабходнае для ўласнай вытворчасці. А еўрапейскія тавары становяцца менш даступныя для людзей, што дазваляе мясцовым вытворцам павялічваць цэны і менш турбавацца за якасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.