Дом-музей Уладзіміра Караткевіча плануюць адкрыць у Рагачове

Дом-музей Уладзіміра Караткевіча плануюць адкрыць у Рагачове

У Рагачове плануецца стварыць дом-музей Уладзіміра Караткевіча. Пад яго плануецца аддаць дом сваякоў пісьменніка. У гэты дом ён прыязджаў да дзядзькі і тут напісаў аповесць "Ладдзя Роспачы". 

Прапанову па стварэнні музея Уладзіміра Караткевіча выказаў дырэктар СШ №4, краязнаўца Аляксандр Лейкін падчас прамой тэлефоннай лініі з кіраўніком вобласці Генадзем Салаўём.

"Сёння гэты дом і пакой пісьменніка захаваны. Аднак будынак прыходзіць у заняпад: людзям, якія пражываюць там, у сілу стану здароўя складана падтрымліваць яго ў належным парадку", — цытуе Лейкіна раённая газета "Свабоднае слова".

Праўда, пакуль што на стварэнне музея няма грошай. Да таго ж у доме жывуць стрыечны брат пісьменніка з жонкай і сынам. "Мы прапрацоўваем варыянты прадастаўлення ім іншага жылля, каб перавесці дом у камунальную ўласнасць і арганізаваць там некалькі цікавых экспазіцый. Акрамя таго, і само жыллё патрабуе рамонту", — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Прус.

Сёлета ў лістападзе на Рагачоўшчыне запланаваны фэст да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Таксама плануецца паставіць у Рагачове памятны знак Гервасію Выліваху — герою "Ладдзі Роспачы", які згуляў у шахматы са Смерцю. Акрамя таго, запланаваныя выставы, акцыі, літаратурныя конкурсы.

Нагадаем, што яшчэ адзін музей плануецца адкрыць у Оршы — у доме, дзе жылі бацькі Уладзіміра Караткевіча. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі