Долар вырас амаль на 7 капеек, а далей невядомасць: што з курсамі валют

Беларускі і расійскі рублі моцна ўпалі да долара і еўра / Еўрарадыё
Беларускі і расійскі рублі моцна ўпалі да долара і еўра / Еўрарадыё

Беларускі рубель моцна ўпаў да долара і еўра ўслед за абвалам расійскага рубля на таргах 22 лютага. Гэта здарылася пасля прызнання Уладзімірам Пуціным суверэнітэту "ЛНР " і "ДНР".

Долар у Беларусі вырас адразу на 6,8 капейкі, еўра — на 6,1 капейкі. Расійскі рубель упаў на 5,6 капейкі.

Рэакцыя беларусаў не прымусіла сябе чакаць, і прыкладна праз 40 хвілін пасля заканчэння таргоў перастаў адкрывацца сайт Нацбанка, а ля некаторых абменнікаў сталі збірацца чэргі.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, што адбываецца і ад чаго будзе залежаць курс беларускага рубля далей.
 

Падае расійскі рубель, а не беларускі

Вынікі таргоў склаліся такімі, паколькі валютны кошык Беларусі напалову прывязаны да расійскага рубля, адпаведна, курс беларускага рубля моцна залежыць ад расійскага.

Доллар вырос почти на 7 копеек, а дальше неизвестность: что с курсами валют
Чарга ў абменнік у Мінску 22 лютага / Еўрарадыё

— Калі гаварыць пра беларускі рубель па выніках таргоў, то кошт валютнага кошыка вырас за кошт росту курсаў долара і еўра, але досыць умерана. Прыблізна на 0,35%. Гэта значыць, тое, што мы сёння назіралі, — гэта ў большай ступені падзенне менавіта расійскага рубля, а не беларускага, — кажа старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

Якімі будуць курсы далей, незразумела. Гэта звязана з тым, што невядома, як будзе развівацца канфлікт Расіі з Украінай і наколькі жорсткімі санкцыямі адкажа Захад на дзеянні Расіі.

Доллар вырос почти на 7 копеек, а дальше неизвестность: что с курсами валют
Нацыянальны банк / Еўрарадыё

— Калі спрабаваць штучна збіць курс долара, то расійскі рубель будзе ў дачыненні да беларускага яшчэ таннейшы. А гэта не пойдзе на карысць беларускай эканоміцы. Нацбанк мае магчымасць рабіць інтэрвенцыі, умешвацца ў ход таргоў, але ён арыентуецца на кошт кошыка, а не на кошт долара. І пакуль кошык расце не вельмі моцна, то неабходнасці ў маштабных інтэрвенцыях няма.
 

Ніякіх "па 500" і ценявы рынак валют

Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што нават Цэнтральны банк Расіі не стаў падтрымліваць свой рубель.

— Таму думаю, што на працягу месяца нас будуць, хутчэй за ўсё, чакаць такога роду ваганні. Будзе дэвальвацыя беларускага і расійскага рубля ў сувязі з адтокам капіталаў, са страхамі, з карэктаваннем стану фінансавых рынкаў. Так што курсавая стабільнасць падышла да канца.

Пры гэтым Расія, якая гандлюе нафтай і газам, што даражэюць, будзе адчуваць сябе нармальна, мяркуе суразмоўца.

— Што да Беларусі, будуць у доларавым выражэнні заробкі меншыя. Патэнцыйна яны могуць скараціцца на адсоткаў 30-40 у залежнасці ад глыбіні фінансавай і геапалітычнай турбулентнасці.

Ці будзе падставай для нейкага бунту, рэвалюцыі? Не. Таму людзі будуць бяднейшыя, будзе больш чорнага рынку. Калі будуць уведзены валютныя абмежаванні, можа з'явіцца "чорны" курс, — кажа на заканчэнне Яраслаў Раманчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі