Рызыка вайны ўсё вышэйшая: беларускія аналітыкі — пра сітуацыю з "Л/ДНР"

У Данецку пасля выступу Пуціна​ / Reuters
У Данецку пасля выступу Пуціна​ / Reuters

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін вечарам 21 лютага абвясціў пра рашэнне прызнаць "незалежнасць" так званых "ДНР" і "ЛНР". Гэта мяняе расклад сіл не толькі ў рэгіёне, але і ў Еўропе ў цэлым і, вядома, стала галоўным прадметам аналізу для аналітыкаў. Што кажуць беларускія эксперты — Еўрарадыё сабрала галоўныя тэзісы.
 

Арцём Шрайбман: працаваць з траўмамі

Риск войны всё выше: что говорят белорусские аналитики о ситуации с "Л/ДНР"

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман выказаўся не столькі пра наступствы прызнання "Л/ДНР" для бяспекі ў рэгіёне, колькі пра глыбінныя прычыны такога кроку Пуціна.

"Прамова Пуціна — гэта вельмі выразная дэманстрацыя таго, як важна дапамагаць былым імперыям адразу пасля калапсу выйсці з посттраўматычнага сіндрому (ці не ўвайсці ў яго). Калі гэтага не зрабіць, мы атрымліваем на нейкай дыстанцыі непераадольную спакусу лідараў траўмаванага грамадства пераключыцца з карэкцыі сябе на карэкцыю гістарычных несправядлівасцяў у дачыненні да сябе", — адзначае Шрайбман.

Аналітык дадае: для Беларусі не так важны "данбаскі чыжык, якога, здаецца, надумаў з'есці Пуцін, не дамогшыся ад Захаду запатрабаваных саступак".

"Важнейшы сам падыход гэтага чалавека і яго атачэння да другаснасці сучаснага статус-кво, яго межаў і "выпадковых дзяржаў" пры першаснасці траўмаў і зняваг, якія перанесла яго пакаленне савецкіх людзей", — кажа эксперт.

Памылкі працы з такімі траўмамі, дадае Шрайбман, важна запомніць. "Магчыма, нашаму пакаленню давядзецца прадухіляць такія самыя праблемы ў тых, чыёй траўмай будзе канец Расіі Пуціна і Беларусі Лукашэнкі", — кажа на заканчэнне ён.

 

Ягор Лебядок: зацягваемся ў варонку эскалацыі

Риск войны всё выше: что говорят белорусские аналитики о ситуации с "Л/ДНР"

На думку ваеннага аналітыка Ягора Лебядка, Пуціну патрэбнае будзе ўзмацненне эскалацыі для зніжэння эфекту ціску сусветнай супольнасці пасля прызнання "рэспублік". Расійскія войскі ўжо ўваходзяць у "Л/ДНР", застаюцца яны ў Беларусі, у тым ліку на межах з Украінай.

"Для частковага пераключэння ўвагі ад прызнання Л/ДНР можна чакаць і ініцыявання канфліктаў (уключаючы фінансава-эканамічныя і інфармацыйна-палітычныя) у зонах інтарэсаў заходніх краін далёка ад Украіны", — адзначае аналітык.

На думку Лебядка, для Лукашэнкі пытанне прызнання Л/ДНР — гэта пытанне фінансаў.

"Магчымае выпадзенне $2-4 млрд экспарту ва Украіну, прызнанне можа пацягнуць за сабой новыя санкцыі, якія пакуль не зусім зразумелыя. Каб зразумець іх і ацаніць шкоду ад прызнання, і мае сэнс для Лукашэнкі крыху пачакаць з прызнаннем для "выстаўлення рахунку" Пуціну. Хуткае прызнанне з боку Лукашэнкі Л/ДНР сведчыла б пра тое, што або цана ўжо абгавораная і прымальная, або запасу палітычнай і эканамічнай трываласці пярэчыць волі Пуціна ў Лукашэнкі няма", — дадае ён.

Зыходзячы з гістарычнага досведу (з прызнаннем Абхазіі і Паўднёвай Асеціі), Лебядок мяркуе, што рана ці позна і заходнія краіны стомяцца прасіць РФ вярнуцца да перамоваў па гарантаванні бяспекі. Інтрыга ў тым, ці "праглынуць" зараз тое, што адбылося, на Захадзе ці ўсё ж прымуць стратэгічныя меры ў адказ.

"На фоне бягучых патрабаванняў Расіі да НАТА прызнанне Л/ДНР таксама выглядае як урок, але больш нагадвае "замах на рубель, удар на капейку". Гэта прызнанне замала для расійскіх апетытаў. Адзін з варыянтаў выкарыстання гэтай сітуацыі для ўнутрырасійскага спажыўца і "збіральніка зямель рускіх" — гэта ўключэнне Л/ДНР не ў склад Расіі, каб гэта пакуль не занадта агаліла для свету расійскі нацыянальны шавінізм, а ў склад так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Для маштабнасці зрабіць гэта можа сумесна з прыняццем Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ў Саюзную дзяржаву", — піша аналітык.

Калі Лукашэнка прызнае "рэспублікі", то, думае Лебядок, наўрад ці варта чакаць дадатковых санкцый яшчэ і за Абхазію з Паўднёвай Асеціяй — "усё пойдзе па сукупнасці". Але для Беларусі прызнанне ўсіх гэтых "рэспублік" будзе азначаць звальванне да іх узроўню на міжнароднай арэне. Пры гэтым цяпер чакаць большай незалежнасці Беларусі таксама бессэнсоўна.

"Падаўжэнне размяшчэння расійскіх войскаў у Беларусі абумоўлена не толькі ціскам на заходнія краіны і Украіну ў апісаных вышэй мэтах, але і ў прынцыпе пашырэннем расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі, якое нарастае з 2020 года. [...] Знаходжанне расійскіх войскаў у Беларусі, магчыма, паслужыць нагодай і для ўзмацнення краін НАТА і Украіны. Такім чынам, мы ўсё больш зацягваемся ў варонку эскалацыі, усё больш падвяргаем сябе рызыцы вайны", — кажа на заканчэнне ён.

 

Пётр Кузняцоў: шанцаў не прызнаць Л/ДНР у Мінска няма

Риск войны всё выше: что говорят белорусские аналитики о ситуации с "Л/ДНР"

Публіцыст Пётр Кузняцоў упэўнены, што шанцаў не прызнаць новыя рэспублікі ў афіцыйных уладаў Беларусі няма. І вось чаму:

"Татальная залежнасць пасля 2020-га, поўная блакада на Захадзе, фінальная страта суб'ектнасці ў ходзе ваенных ігрышчаў апошняга часу, ды яшчэ і расійскія войскі ў колькасці, якая ледзь не перавышае беларускія", — прыводзіць аргументы ён.

Кузняцоў адзначае: мяркуючы па хуткасці агучвання прызнання рэспублік з боку, напрыклад, Венесуэлы і Сірыі, Крэмль "над гэтым дыпламатычным вектарам працуе сур'ёзна і надае яму значэнне". Прызнанне новых утварэнняў, упэўнены ён, магчымае, непрызнанне — не.

"Якія варыянты ў Зяленскага, калі такое прызнанне адбудзецца? Ніякіх — толькі ўводзіць санкцыі і цалкам спыняць гандаль. Альтэрнатыва — палітычная смерць. Далей усё будзе проста і сумна. Каліем і так хутка можна будзе заробкі ў залік выдаваць, а тут яшчэ і плошчы Мазырскага НПЗ можна будзе здаваць пад офісы. Дадамо сюды немінучыя новыя эканамічныя санкцыі і атрымаем альбо хуткі калапс у адзіночку, альбо больш павольны, але разам з Масквой", — прагназуе аналітык.

Расія будзе не толькі ў канфрантацыі з Захадам, але і будзе вымушаная фінансаваць "бонусы" ў выглядзе "хаўруснікаў" і новых "суседзяў".

"Таму фінал, ранні або позні, крывавы або бяскроўны, усё роўна прадказальны. У спіралі эскалацыі выйграе заўсёды больш эканамічна ўстойлівы — так было заўсёды ў гісторыі роўна з таго моманту, як людзі перасталі ваяваць дубінамі і перайшлі на іншы ўзровень. Зыходзячы з таго, што магчыма, менавіта так усё і павінна развівацца. Але, можа, магчыма і неяк па-іншаму? Гісторыя пакажа", — сказаў на заканчэнне ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі