Для рэпрэсаваных твораў мастацтва адной выставы мала

Творчая суполка "Пагоня" ладзіць мастацкую выставу "Рэпрэсаваныя творы". У яе ўводуць творы, знятыя з мастацкіх выставаў цэнзарамі.

Мастак Аляксей Марачкін распавёў у гутарцы з Еўрарадыё, што з выставаў "Пагоні" амаль кожны раз здымаліся разнастайныя творы. У прыватнасці, з выставы, якая зараз праходзіць у Палацы мастацтва, былі знятыя шэсць твораў.

Марачкін: "Дзесьці на працягу 16 гадоў, як пры ўладзе сённяшні начальнік краіны, то кожны раз, як суполка "Пагоня" ладзіць выставы, то не абыходзіцца без таго, каб цэнзары не прыходзілі ў Палац мастацтва або такія цэнзары ў пагонах ці без пагонаў, якія даюць сігнал праз званкі і гэтак далей. І карціны нейкім чынам знікаюць з выставаў, і там на іх мейсцы белыя плямы. Гэта мы ўжо перажылі, асаблівы пагром быў у 97-м годзе. І зараз не зусім прыемныя адбыліся падзеі, пра гэта можна доўга гаварыць. Кіраўніцтва Саюза мастакоў палічыла мэтазгодным, каб творы, на якіх нейкім чынам мастакі адказалі сваім мастацтвам на тое, што адбываецца ў Беларусі, каб гэтыя творы, на іх думку, не бянтэжылі нашых гледачоў".

За 16 гадоў рэпрэсаваных твораў набралося ўжо багата. Настолькі, што не ўсе яны будуць паказаныя на новай выставе.

Марачкін: "Усё мы не зможам паказаць, але недзе ў межах 15-20 твораў мы абавязкова пакажам. Асабліва, канечне ж, як кажуць, прайшліся па плакатах Уладзіміра Крукоўскага. Плакаты — гэта заўсёды злабадзенная тэма. І Уладзімір Крукоўскі адгукаўся як ніхто на тэму Чарнобыльскага дня і па рэферэндумах, па нашай сімволіцы, якая спазнала рэпрэсіі. А таксама здымаліся творы Алеся Пушкіна. Таму прысутнічаць будуць аўтары: і Алесь Пушкін, і я, і Ўладзімір Крукоўскі, і некалькі маладых мастакоў".

Нагадаем, што сёлета цэнзарамі для "пагонеўцаў" выступілі іх калегі — кіраўнікі Саюзу мастакоў. Тым не менш, аўтары рэпрэсаваных твораў на сваіх цэнзараў крыўды не трымаюць.

Марачкін: "Да творцаў, якія ў кіраўніцтве, я стаўлюся станоўча, я іх разумею. І нават, калі гэта адбылося мы зразумелі, што гэта не іх уласная ініцыятыва. Гэтыя сігналы паступілі з вышэйшых органаў. І яны, на жаль, вымушаныя былі тое зрабіць. Саюз мастакоў можа вызначыць толькі якасць твораў, калі гэты твор на ніжэйшым мастацкім узроўні, то, канечне ж, гэты твор не праходзіць. Але такія нюансы палітычныя ці шматсэнсоўныя — дарэмна браць на сябе такую адказнасць. Ёсць адпаведныя органы, якія могуць гэта вырашыць. А перадусім у гэтых творах ніякіх парушэнняў Крымінальнага кодэксу не было. У Крымінальным кодэксе запісаныя парушэні — гэта распальванне міжнацыянальнай варажнечы, прапаганда вайны, парнаграфія і тое, што датычыць першай асобы краіны. Нічога такога не было".

Пабачыць выставу "Рэпрэсаваныя творы" можна будзе з 23 сакавіка ў Мінску на Сядзібе БНФ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі