Для маці дзяўчынкі, якой сабака адгрыз руку, просяць 3 гады пасялення

Для маці дзяўчынкі, якой сабака адгрыз руку, просяць 3 гады пасялення

9 жніўня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска працягнулася судовае разбіральніцтва па гучнай справе 25-гадовай Кацярыны Пашук. У сакавіку яе васьмімесячная дачка загінула пасля таго, як сабака адгрыз ёй руку. У гэты час маці была ў стане алкагольнага ап'янення.

Дзяржабвінаваўца папрасіла суд асудзіць Пашук на тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах пасялення і да штрафу ў памеры 200 базавых велічынь — 4200 рублёў. Шчанюка хаскі, які загрыз дзіця, дзяржабвінаваўца прапанавала перадаць заводчыку. Дарэчы, у судзе высветлілася, што сабаку ў студзені 2016-га купілі ў растэрміноўку і за яго яшчэ не разлічыліся. Паводле дамовы, у такой сітуацыі жывёлу павінны вярнуць і заводчык не супраць, інфармуюць "Беларускія навіны".

Абвінавачаная ў сваім апошнім слове сказала, што раскайваецца ў здзейсненым злачынстве і прызнае сваю віну. Дарэчы, высветлілася, што жанчына раней перажыла псіхалагічныя траўмы. У 13-гадовым ўзросце на яе вачах была забітая маці, а 3 ліпеня 2008 года яна пацярпела падчас тэракту на Дзень незалежнасці ў Мінску.

Жанчыну абвінавачваюць у "свядомым пакіданні ў небяспецы, здзейсненым асобай, якая сама па неасцярожнасці ці з ускосным намерам паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця або здароўя стан". Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — да 3 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд будзе агучаны 11 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі