Для чыноўнікаў “пашыраць” дэкларацыі аб прыбытках, але мы іх не ўбачым

Прадстаўляў “карупцыйны” законапраект парламентарыям генпракурор Аляксандр Канюк. Даклад цягнуўся каля 25 хвілін. Праўда, сам генпракурор на просьбу журналістаў вызначыў самае галоўнае ў гэтым законапраекце двума сказамі:
 
“Мы будзем ставіць пытанне пра тое, каб чыноўнік, які неабгрунтавана атрымаў маёмасць, вярнуў яе. А калі ён не зробіць гэтага самастойна, мы будзем патрабаваць гэтага ад яго ў судовым парадку — гэта, відаць, самае галоўнае, такога ў нас яшчэ не было”.
 
Што прапануецца для гэтага зрабіць? Па словах Аляксандра Канюка, пашыраецца пералік звестак, якія службовыя асобы павінныя ўказваць у дэкларацыі. Пасля набыцця законам “Аб барацьбе з карупцыяй” моцы чыноўнікі і іх блізкія сваякі павінныя будуць уносіць у дэкларацыю аб прыбытках не толькі маёмасць, але і машыны, мастацкія і ювелірныя вырабы, якія былі ў іх уласнасці. Праўда, прапанову рабіць інфармацыю аб прыбытках чыноўнікаў даступнай для грамадскасці, як гэта ёсць у іншых краінах, распрацоўшчыкі законапраекта адкінулі. Чаму, цікавяцца журналісты ў генпракурора. 
 
Аляксандр Канюк: “А для чаго гэта рабіць? Задаволіць абывацельскую цікаўнасць да таго, у каго што ёсць? А навошта гэта? З іншага боку, гэта не зусім карэктна: чыноўніка ж часам прызначае прэзідэнт ці іншыя высокія службовыя асобы… З іншага боку — гэта крымінальная рызыка. Я вам магу шмат такіх прыкладаў прывесці, калі ведаюць канкрэтна, у каго колькі грошай і да чаго гэта прыводзіць. Гэта наводка — навошта гэта рабіць?!”
 
 
Што да вопыту іншых краін, то, парыруе генпракурор, “у іншых краінах і аднаполыя шлюбы афармляюць — навошта нам слепа за імі ісці?” 
 
Увогуле Аляксандр Канюк неаднойчы прымушаў журналістаў усміхацца. Да прыкладу, чаго каштуе яго фраза: “Трэба па гэтым пытанні параіцца з юрыстамі — у іх жа ўсё не як у людзей”. Ці вось яшчэ: генпракурор тлумачыць, чаму вырашыў больш падрабязна спыніцца на пытаннях “абмежаванняў па сумеснай службе ў дзяржорганах”:
 
“Прапануецца распаўсюдзіць гэтыя абмежаванні на пасаду кіраўніка дзяржаўнай арганізацыі, асобнага падраздзялення і ўдакладніць пералік блізкіх сваякоў і родных, якім забараняецца сумесная праца… Я чаму звяртаю на гэта асаблівую увагу? Бо ведаю з аператыўных крыніц, што гэтыя пытанні хвалююць дэпутатаў”.
 
Ну, ці такая фраза: “Узяў, да прыкладу, 100 тысяч долараў хабару — вярні 1 мільён, і ўсё будзе ў парадку”. А што значыць “усё будзе ў парадку”, удакладняю ў генпракурора. І ці будзе “ўсё ў парадку” ў медыка, які, узяўшы хабар у выглядзе 1 пляшкі каньяку, верне 10 пляшак?
 
Аляксандр Канюк: “Так вы можаце звесці да ўзроўню плінтуса любую тэму! Таму я не буду каментаваць тое, што вы зараз сказалі. 10 пляшак каньяку ці чаго ён там! Маецца на ўвазе, што кампенсуе ў поўнае меры нанесеную шкоду. А поўная кампенсацыя шкоды — адзін з элементаў, які дазваляе не прызначаць чалавеку больш за палову тэрміна, прадугледжанага артыкулам. Гэта што — мала? Уявіце: мог атрымаць 10 гадоў, а атрымае 5 максімум”.
 
І хоць адна з дэпутатак сказала пра законапраект: “Харошы, закон, прадуманы — першы такі за апошні час”, пытанняў у парламентарыяў назбіралася шмат. Адказваць Аляксандру Канюку давялося даўжэй, чым з дакладам выступаць. Нават узнікалі сур’ёзныя спрэчкі паміж дэпутатамі і генпракурорам.
 
 
Дэпутат з Дзяржынска Уладзіслаў Цыдзік цікавіцца: ці будуць караць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія схіляюць чыноўніка да атрыманне хабару? Генпракурор даказвае дэпутату, што ўсё гэта ўлічана ў іншых заканадаўчых актах. Той не пагаджаецца… Скончылася спрэчка словамі дэпутата: “Дзякуй, не хачу працягваць дыскусію”.
 
Іншыя дэпутаты спрабавалі высветліць: ці змогуць у адной бальніцы працаваць муж і жонка на пасадах галоўнага доктара і яго намесніка? Ці трапляюць яны пад “абмежаванні па сумеснай працы ў дзяржорганах”? Па выніку вырашылі папрацаваць над адпаведным артыкулам больш уважліва да другога чытання.
 
Карацей, законапраект прынялі абсалютнай большасцю. Відаць, цяпер мы карупцыю дакладна пераможам?
 
Аляксандр Канюк: “Мы дзесяцігоддзі змагаемся з гэтай карупцыяй і будзем змагацца — колькі нам будзе наканавана. Гэта непарыўны, перманентны працэс...”
 
Фота: Змітра Лукашука