Дэвід Меркел сустрэўся з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым

Памочнік Дзяржсакратара ЗША Дэвід Меркел, які сёння прыляцеў у Мінск, каб правесці перамовы з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і афіцыйнымі асобамі, сустрэўся сёння з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнік прэс-службы міністэрства Марыя Ваньшына.
“Сёння адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргея Мартынава з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Дэвідам Меркелем. Падчас сустрэчы быў дэталёва абмеркаваны ўвесь спектр беларуска-амерыканскіх адносін. Суразмоўцы абмеркавалі таксама шляхі і крокі паляпшэння гэтых адносін”.

На заўтра ў спадара Меркела запланавана яшчэ некалькі сустрэч. Адна з іх — з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі. На ёй будуць прысутнічаць лідэры палітычных партый, а таксама Аляксандр Казулін. Па словах Анатоля Лябедзькі, адным з прыярытэтных пытанняў будзе ацэнка выбарчай кампаніі ў Беларусі.

“На наш погляд, ужо ёсць падставы для таго, каб Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы не прызнавалі гэтую выбарчую кампанію ані справядлівай, ані легітымнай. Другое — гэта тое, што ў Беларусі засталіся палітвязні, і гэтае пытанне не да канца вычарпанае. У прыватнасці размова ідзе пра фігурантаў справы 14-і”.

Анатоль Лябедзька адзначыў, што апазіцыянераў будзе цікавіць стратэгія Вашынгтона па беларускім пытанні.

Як паведаміла Еўрарадыё Кэралайн Сэвідж, якая часова выконвае абавязкі прэс-сакратара амерыканскай амбасады, памочнік Дзяржсакратара ЗША Дэвід Меркел ужо ў суботу з’едзе на радзіму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі