Вы тут

Дэпутаты ўхвалілі ўзмацненне жорсткасці пакарання за заклікі да санкцый

Законапраект аб змяненні КК РБ прадстаўляў Алег Белаконеў / @housegovby​

Дэпутаты ўхвалілі ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Крымінальны кодэкс Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал @sbbytoday. Гаворка ідзе пра карэктаванне артыкула 361 КК "Заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".

Артыкул дапонены новай прыкметай гэтага злачынства — такой як "заклікі, накіраваныя на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь", расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Алег Белаконеў.

Больш жорсткай стане і адказнасць. Напярэдадні ў інтэрв'ю СТБ ён гаварыў, што за па ч. 1 артыкула будзе прадугледжанае пакаранне да 6 гадоў пазбаўлення волі, па ч. 2 — "за заклікі да замежнай дзяржавы" — будзе пагражаць да 10 гадоў. Калі заклікі ажыццяўляюцца з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, СМІ або службовай асобай з выкарыстаннем службовага становішча, будзе прымяняцца ч.3 артыкула. Яна прадугледжвае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Восеньская сесія Палаты прадстаўнікоў пачалася раніцай у панядзелак. Да абеду дэпутаты паспелі разгледзець і прыняць цэлы шэраг важных дакументаў. Акрамя паправак у КК яны ўхвалілі яшчэ і законапраект "Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь", а таксама прагаласавалі за прыпыненне дзеяння пагаднення з ЕС аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.