Вы тут

Дэпутатка Алена Анісім прапануе ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне

Дэпутатка Алена Анісім / Еўрарадыё

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім апублікавала праект закона аб прыпыненні смяротнага пакарання. Яна распавяла Еўрарадыё, што пакуль праект закона был дасланы для азнаямлення ў Міністэрства юстыцыі і МУС:

“Працэдура такая: я накіравала ў гэтыя міністэрствы для азнаямлення і ацэнкі дадзены законапраект. Пасля таго як яны мне адкажуць, я раюся са сваім памочнікам-юрыстам і падаю праект закона ў Палату прадстаўнікоў для разгляду. Магчыма, што ў адказе міністэрстваў могуць прагучаць станоўчыя ацэнкі ці нейкія канцэптуальныя заўвагі, а можа, будзе проста адказ “мы прынялі да ведама”.

Праект закона невялічкі. Па сутнасці, там усяго два артыкулы. Па-першае, увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Па-другое, асуджаных на смяротнае пакаранне перавесці ў папраўчыя калоніі для іх утрымання на ўмовах пажыццёвага зняволення.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак лічыць, што ініцыятыва добрая і важная, здольная прыцягнуць увагу да праблемы смяротнага пакарання, але надзеі, што закон прымуць, мала:

“На маю думку, спадзяванне, што гэтую ініцыятыву падтрымаюць і закон прымуць, вельмі невялікае. Але я буду вельмі рады памыліцца. Тым больш што дагэтуль дэпутаты дакладна такой прапановы і закона не падавалі. Ад праваабаронцаў такія ініцыятывы ішлі, у розных формах, але прапановы праваабаронцаў не з’яўляюцца актам праватворчай ініцыятывы, гэта былі прапановы да дэпутатаў. Мы да парламента і адміністрацыі звярталіся не раз.

Таксама важны момант, што ў Палаце прадстаўнікоў ёсць парламентская рабочая група па пытаннях смяротнага пакарання, і цікава, ці будуць яны ўцягнуты ў гэты працэс. Увогуле цікавае стаўленне гэтай групы да гэтага праекта закона”.

У 2019 годзе пакуль быў здзейснены толькі адзін смяротны прысуд — у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава. Расстрэл адбыўся напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, нягледзячы на тое, што заходнія краіны неаднаразова заклікалі Беларусь адмовіцца ад смяротнага пакарання. Пры гэтым у Камітэце ААН па правах чалавека на разглядзе застаўся індывідуальны зварот Аляксандра Жыльнікава. Прысуд прывялі ў выкананне не чакаючы рашэння Камітэта ААН.