Вы тут

Еўрасаюз асудзіў прымяненне смяротнае кары ў Беларусі

politring.com

Еўрасаюз выступіў з асуджэннем фактаў прымянення ў Беларусі смяротнай кары і чарговым разам заклікаў улады краіны ўвесці мараторый на яе. Пра гэта ў пятніцу заявіла афіцыйны прастаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Мая Касьянчыч, піша TUT.by

У паведамленні прэс-службы ведамства адзначаецца, што смяротная кара парушае неад'емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў  чалавека, і супярэчыць міжнародным абавязанням Мінска.

13 чэрвеня стала вядома, што ў Беларусі выкананы яшчэ адзін смяротны прысуд: расстралялі Аляксандра Жыльнікава, асуджанага па справе аб забойстве хлопца і яго дзяўчыны ў Мінску. Пакуль невядома лёс другога фігуранта гэтай справы — Вячаслава Сухаркі, аднак практыка паказвае, што звычайна адразу расстрэльваюць фігурантаў адной справы.

Цяпер у Камітэце ААН па правах чалавека на разглядзе знаходзіцца  індывідуальны зварот Аляксандра Жыльнікава, які быў зарэгістраваны 24 снежня 2018 года за нумарам 3082/2018.

Жыльнікаў спачатку атрымаў пажыццёвы тэрмін, але пасля паўторнага разгляду справы Мінскім гарадскім судом прысуд быў заменены на смяротнае пакаранне. Апошняя інстанцыя на нацыянальным узроўні пакінула прысуд без зменаў, а скаргу без задавальнення. Пасля гэтага асуджаны з дапамогай праваабаронцаў накіраваў індывідуальны зварот у КПЧ ААН. 

Чарговы расстрэл адбыўся напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, нягледзячы на тое, што заходнія краіны неаднаразова заклікалі Беларусь адмовіцца ад смяротнага пакарання.

Беларусь — апошняя ў Еўропе краіна, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. З 1990 года паводле прысудаў расстраляна 400 чалавек.