Дэпутат: Вы павінныя быць зацікаўленыя, каб даказаць, што вы не дармаед!

“Збору на дармаедаў” можна пазбегнуць, калі менш за 183 каляндарныя дні на год знаходзішся ў краіне. Але як даказаць, што ты 30 дзён знаходзіўся ў Расіі, калі цягам гэтага часу там не патрэбная рэгістрацыя для беларусаў?

Супрацоўнікі падатковай Ленінскага раёна Мінска не могуць дакладна адказаць на гэтае пытанне. Кажуць, што білета на чыгунку ці аўтобус у Расію для доказу будзе недастаткова.

"Не будзе ніякіх праблем у доказах, дзе чалавек быў, што рабіў. Самае галоўнае — каб чалавек сам не ствараў сітуацый, якія будуць ускладняць гэтыя дзеянні, — гаворыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Ларыса Багдановіч. — Дэкрэт не накіраваны на тое, каб прымусіць чалавека працаваць. Гэта накіравана на барацьбу з утрыманствам”.

Еўрарадыё: Гэта барацьба з заробкамі ў канвертах?

Багдановіч: У тым ліку.

Апісваем сітуацыю: чалавек паехаў у Расію, месяц жыў на кватэры ў знаёмых ці нават арандаваў кватэру без дамовы. Як даказаць, што сапраўды быў у Расіі?

Дэпутат: “Наколькі мне вядома, цяпер усе стараюцца зняць кватэру па дамове. Нават у нас, у Беларусі, гэта ўсё робіцца на дамове! Да таго ж вы самі павінныя быць зацікаўленыя, каб даказаць, дзе былі. Вы законапаслухмяны грамадзянін нашай краіны. Як бы вы ні выдумвалі сітуацыі, я стаю на пазіцыі законнасці! Законапаслухмянасць павінная быць. Міністэрства па працы, МУС, Міністэрства па падатках і зборах улічаць гэтыя сітуацыі. У вас будзе квіток, урэшце!”

Для даведкі: зарэгістравацца ў Расіі можна хоць з першага дня знаходжання ў краіне, зрабіць гэта можна бясплатна. А хутка беларусам можна будзе знаходзіцца ў Расіі 90 дзён і без рэгістрацыі.

Пакуль невядома, ці дакладна будуць вызваленыя ад збору, напрыклад, сябры саюза дызайнераў ці саюза архітэктараў.

“Калі саюз адносіцца да творчых, тады яго сябры будуць вызваленыя ад збору. Гэта прапісана ў Дэкрэце. Творчы саюз ці не — гэта нейкім чынам пацверджана. Мэтамі, задачамі, нейкай дзейнасцю. Але падзаконных актаў яшчэ няма, наперад нельга казаць”, — разважае дэпутат Ларыса Багдановіч.

“Не ведаем, бо няма для гэтага нарматыўных актаў. Магчыма, будуць нейкія пералікі творчых саюзаў, сябры якіх будуць пазбаўленыя ад выплаты збору”, — кажуць і ў падатковай Ленінскага раёна Мінска.

На многія пытанні Дэкрэта №3 аб дармаедах, як заўважае дэпутат, няма адказаў, бо падзаконныя акты яшчэ толькі будуць распрацаваныя. Чаму гэта не рабілася загадзя?

“Бо ніхто не ведае, будзе прыняты дэкрэт ці не”. Падчас травеньскай сесіі дэпутаты разгледзяць дэкрэт. Яны нават могуць яго адмяніць. Чаго пакуль з дэпутатамі не здаралася.

“Яшчэ ж год да таго, як дэкрэт пачне дзейнічаць! — быццам бы супакойвае Ларыса Багдановіч. — За гэты год людзі павінныя вызначыцца са сваім жыццём. Палата прадстаўнікоў яго яшчэ не разглядала і раптам не ўхваліць! Дэкрэт разглядаецца”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі