Вы тут

Дэпутат Савіных з Палаты прадстаўнікоў абураны, што яму не далі шэнгенскую візу

Андрэй Савіных / З архіву Еўрарадыё

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных абураны, што яму не далі шэнгенскую візу. Ён збіраўся ў Вену на сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў якасці "старшыні беларускай дэлегацыі", і збіраўся "прадставіць пазіцыю Беларусі па актуальных пытаннях парадку дня". Найперш па сітуацыі ў Беларусі.

Савіных распавёў БЕЛТА, што паколькі пасольства Аўстрыі ў Беларусі не выдае візы, ён звярнуўся ў консульства Латвіі ў Віцебску. "Прыйшла адмова ў атрыманні візы, — распавядае дэпутат. — Прычым у самім дакуменце было паведамлена, што ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму ўнесены запіс Рэспублікі Польшча з мэтай адмовы на ўезд".

Андрэй Савіных думае, што прычына такога рашэння ў тым, што ён і іншыя дэпутаты "планавалі пры абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі падымаць пытанні аб уцягнутасці спецслужбаў шэрагу дзяржаў, у тым ліку Польшчы, у аперацыю па захопе ўлады ў Рэспубліцы Беларусь праз сцэнар каляровай рэвалюцыі".

Савіных ужо некалькі месяцаў "ваюе" з "калектыўным Захадам". Але пры гэтым ён не чакаў, што пасля гэтага ў Еўропе яго бачыць не вельмі жадаюць. А яшчэ Андрэй Савіных нядаўна заявіў, што "айцішнікі павінны дакладна зразумець: альбо яны знаходзяць нішу тут і пачынаюць працаваць на ўласную прамысловасць і эканоміку, альбо пакуюць валізкі і пераязджаюць бліжэй да месца сваіх заказчыкаў і спажыўцоў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.