Вы тут

Дэпутат Савіных — айцішнікам: або працуйце на эканоміку Беларусі, або з'язджайце

Андрэй Савіных / Еўрарадыё

Айцішнікі ў Беларусі неўзабаве будуць вымушаныя выбіраць: або праца на беларускую эканоміку, або эміграцыя ў іншыя краіны. Пра гэта дэпутат Андрэй Савіных заявіў падчас круглага стала ў прэс-цэнтры "Sputnik Беларусь". 

На думку Савіных, у свеце адбываецца працэс фармавання макрарэгіёнаў — пэўных эканамічных прастораў са сваімі эканамічнымі законамі і правіламі, а таксама сваім падзелам працы. Кожны макрарэгіён, на яго думку, будзе імкнуцца затармазіць развіццё іншых рэгіёнаў.

"Дзяленне свету на макрарэгіёны выключыць магчымасць у будучыні вырабляць ІТ-прадукт, асабліва высокатэхналагічны і стратэгічны, у адным макрарэгіёне і прадаваць яго ў іншым. Гэта проста будзе забаронена з меркаванняў бяспекі.

А гэта значыць, што тая частка ІТ-сектара Беларусі, якая працуе на амерыканскі рынак, павінна будзе пераарыентавацца на наш рынак альбо з'ехаць", — упэўнены дэпутат, які раней працаваў у МЗС.

Па яго словах, праз пяць гадоў працаваць з Беларусі на амерыканскі рынак будзе немагчыма. І забарону гэтую ўвядзе не беларускі, а амерыканскі ўрад.

"Айцішнікі павінны дакладна зразумець: альбо яны знаходзяць нішу тут і пачынаюць працаваць на ўласную прамысловасць і эканоміку, альбо пакуюць валізкі і пераязджаюць бліжэй да месца сваіх заказчыкаў і спажыўцоў. Гэта якраз-такі не палітычная, а эканамічная рэальнасць", — рэзюмуе Савіных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.