Вы тут

Дэпутат Марзалюк: злоўжыванне паўнамоцтвамі дыскрэдытуе ідэю БРСМ

Фота: Еўрарадыё

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк пракаментаваў Еўрарадыё відэа, дзе школьнікаў мінскай гімназіі №31 спрабуюць загнаць у БРСМ. На яго думку, калі было злоўжыванне паўнамоцтвамі, то гэта дыскрэдытуе ідэю грамадскай арганізацыі:

"Любая грамадская арганізацыя — справа добраахвотная. І калі хтосьці кагосьці прымушае, то ён злоўжывае сваімі службовымі паўнамоцтвамі, а таксама дыскрэдытуе добрую ідэю добрай грамадскай арганізацыі, якой з'яўляецца БРСМ. З якой я супрацоўнічаю”.

Ён лічыць, што прынцып добраахвотнасці — фундаментальны пры ўступленні ў тую ці іншую грамадскую арганізацыю:

“Як толькі ў нейкую арганізацыю пачынаюць зганяць сілай, адбываецца прафанацыя ідэі, статута, мэтаў і памкненняў. З-пад палкі немагчыма працаваць. З-пад яе немагчыма ўдзельнічаць. Я супраць прымусовых уступленняў у любую грамадскую арганізацыю".

Але найперш трэба разабрацца, ці была гэтая размова на самой справе і ці не з'яўляецца гэтае відэа кампаніяй па дыскрэдытацыі БРСМ у стагоддзе камсамола:

"Я ж разумею, чаму з'явіўся гэты інфармацыйны ўкід: стагоддзе камсамола. Трэба паліць брудам пераемніка — БРСМ. Магчыма, гэта ўсё і сфабрыкавана, магчыма, і хлусня. Пакуль гэта невядома. Я не магу ні на "Нашу Ніву" паклёпнічаць, ні на дырэктара школы. Факты не верыфікаваныя ні праз суд, ні праз іншыя ўстановы. Але калі гэты факт быў, то з ім трэба прынцыпова разбірацца".

Тым часам беларусы расказваюць у сацсетках, як іх падчас вучобы заахвочвалі ўступаць у БРСМ.