Дэпутат Дзярждумы ўдачарыў вывезенае з Украіны дзіця. Дзяўчынцы змянілі імя
![Сяргей Міронаў](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-11/mironov0_23_11.jpg.webp?itok=yrBdF03Z)
Сяргей Міронаў / @mironovonline
Дэпутат расійскай Дзярждумы і лідар партыі "Справядлівая Расія" Сяргей Міронаў разам з жонкай удачарыў дзяўчынку, вывезеную з акупаванага Херсона. Дзіцяці змянілі імя і грамадзянства. Так 10-месячная Маргарыта Пракапенка стала Марынай Міронавай. Падрабязнасці расказвае рэсурс "Важныя гісторыі".
Дзяўчынку з Херсона вывезла Іна Варламава, будучая жонка Міронава. Гэта адбылося ў жніўні 2022-га года, а ў кастрычніку пара ажанілася. Жанчына стала пятай жонкай дэпутата. Для яе самой гэты шлюб стаў чацвёртым. Ёй 55 гадоў.
У акупаваны Херсон у жніўні 2022 года Варламава прыязджала разам з першай намесніцай Міронава ў Дзярждуме. Жанчыны забралі дваіх дзяцей — 10-месячную Маргарыту Пракапенка і двухгадовага Іллю Вашчанку. Мясцовыя акупацыйныя ўлады выдалі ім даверанасць на вываз дзяцей. Украінскія войскі вызвалілі Херсон праз два месяцы пасля таго, як будучая жонка Міронава забрала дзяцей.
У канцы 2022 года ў Расіі адбыўся суд, які дазволіў Сяргею Міронаву і Іне Варламавай удачарыць вывезеную з Херсона дзяўчынку. Ёй было крыху больш за год. "Важныя гісторыі" пішуць, што да пачатку поўнамаштабнай вайны Маргарыта-Марына жыла ў Херсонскім доме дзіцяці. Яе біялагічная маці пазбаўленая бацькоўскіх правоў, а бацька памёр, але ў дзяўчынкі ва Украіне ёсць іншыя сваякі. Лёс Іллі, ён таксама жыў у Доме дзіцяці, да канца невядомая. Вядома, што ў Расіі ён атрымаў новае пасведчанне аб нараджэнні. З дакумента вынікае, што хлопчык знаходзіцца ў Маскоўскай вобласці.
Выданне са спасылкай на юрыстаў адзначае, што "з пункту гледжання міжнароднага права гэта можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства і лічыцца генацыдам". Нагадаем, вясной Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (МУС) выдаў ордар на арышт расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх абвінавачваюць у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію. Абвінавачанні ў такім злачынстве могуць выставіць і супраць беларускіх уладаў.
![Депутат Госдумы удочерил вывезенного из Украины ребенка. Девочке сменили имя](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/mironov_23_11.jpg.webp?itok=0GJQswe5)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.