"Дэмілітарызацыя" зрабіла войска Украіны адным з наймацнейшых у свеце — Прыгожын

Яўген Прыгожын / прэс-служба Прыгожына
Яўген Прыгожын / прэс-служба Прыгожына

Вайна Расіі ва Украіне прывяла зусім не да тых мэтаў, на якія разлічвала Масква і якія спачатку абвяшчаліся. Пра гэта ў сваім чарговым інтэрв'ю заявіў заснавальнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын. Па яго словах, Украіна стала вядомай усяму свету, а яе войска стала адным з наймацнейшых на планеце.

Дзеянні расіян ва Украіне Прыгожын апісвае так: "Мы прыйшлі па-хамску, прайшліся ботамі па ўсёй тэрыторыі ў пошуках нацыстаў. Пакуль шукалі нацыстаў, накаўбасілі ўсіх, каго можам, потым падышлі да Кіева, потым — рускай мовай называю! - абас...ліся і адышлі. Далей — да Херсона. Абас...ліся, адышлі. Пасля гэтага — ці да гэтага? ужо часы блытаюцца — Ізюм, Чырвоны Ліман. І неяк у нас усё не складваецца".

Прыгожын згадвае, што першапачаткова мэтамі так званай "спецыяльнай ваеннай аперацыі" абвяшчаліся дэнацыфікацыя і дэмілітарызацыя. Але ў выніку Украіна стала вядомая ва ўсім свеце: "Украіна стала краінай, якую ведаюць абсалютна ўсюды. Гэта што тычыцца дэнацыфікацыі".

Вынікамі абвешчанай дэмілітарызацыі Прыгожын таксама незадаволены: "Калі ў іх было на пачатак спецаперацыі ўмоўных 500 танкаў — [цяпер] у іх 5000 танкаў. Калі ў іх ваяваць умелі 20 000 чалавек, то зараз умее ваяваць 400 000 чалавек. Як жа мы яе дэмілітарызавалі? Атрымліваецца, што наадварот — мы яе хрэн ведае як мілітарызавалі". На яго думку, на сёння ўкраінскае войска стала адным з наймацнейшых на планеце. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі