Вы тут

Дэкрэт №3 пераглядаюць, акцэнт зробяць на працаўладкаванні "дармаедаў"

Фота: thinktanks.by.

У новай версіі дэкрэта №3 улады зробяць акцэнт на працаўладкаванні тых, хто "не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў". Пра гэта падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БелТА распавёў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка

"Асноўны ўпор робіцца на садзейнічанні ў працаўладкаванні тых, хто хоча працаўладкавацца, на рэсацыялізацыі людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця", — пракаментаваў міністр.

Кіраўнік МПЗ адмовіўся распавядаць пра канкрэтныя змены, якія будуць унесеныя ў дэкрэт №3. Ён дадаў, што "будуць прынятыя ўсе захады па працаўладкаванні чалавека, яго ўключэнню ў нармальны працэс ўзаемадзеяння з дзяржавай".

Сяргей Налівайка / Фота: БелТА

Пра тое, што дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" трэба канцэптуальна перагледзець (але не адмяніць), яшчэ ў лютым заявіў Аляксандр Лукашэнка. З той пары дзеянне дакумента на словах прыпыненае, але ж нам дагэтуль не паказалі ніводнага заканадаўчага акта, які б ставіў дэкрэт на паўзу.

Яшчэ ўвесну дэпутат Ганна Канапацкая ўнесла ў Палату прадстаўнікоў прапанову аб накіраванні дэкрэта ў Канстытуцыйны суд — для ацэнкі таго, ці адпавядае ён Канстытуцыі. Пастаянная камісія парламента па працы і сацыяльных пытаннях паставіла зварот Канапацкай на кантроль, але на галасаванне не вынесла, зазначыўшы, што "ў цяперашні час вядзецца праца па падрыхтоўцы новай канцэпцыі Дэкрэта, накіраванай на змену дзеючых падыходаў".