Вы тут

Давыдзька заклікаў да адваявання "інтэрнэт-пляцоўкі" ў "ворагаў" Беларусі

Генадзь Давыдзька / Еўрарадыё

"Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным медыя-уплывам з боку нашых ворагаў", — заявіў на сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласці Генадзь Давыдзька, старшыня праўладнага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь", дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі па правах чалавека. Паводле яго слоў, яны выкарыстоўваюць "сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі", якія "грунтуюцца на веданні псіхалогіі" і "дазваляюць негатыўным эмоцыям і фактам пераважаць у інтэрнэце". Як паведамляе belayarus.by, Давыдзька выступае за "прэвентыўныя меры", якія павінны не дапусціць "вялікай крыві, паралічу ўлады, абвалу эканомікі".

Генадзь Давыдзька распавёў прысутным, што ў Мінску размаўляў з удзельнікамі "пратэстнага ланцуга" (маецца на ўвазе "ланцуг салідарнасці" — акцыя пратэсту ў сучаснай Беларусі). "Вы думаеце, ім патрэбны перамены? — эмацыйна гаварыў кіраўнік "Белай Русі". — Нічога падобнага! Ім не перамены патрэбныя, а шоў, дзвіжуха".

Давыдзька назваў моладзь, якая выходзіць на вуліцы, "безадказнымі выхаванцамі інтэрнэта". "Такім людзям варта падказаць, каб яны шукалі праблемы не ва ўладзе, не ў прэзідэнце, а ў сабе, — працягваў дэпутат. — Магчыма, тады іх жыццё наладзіцца".

Генадзь Давыдзька перакананы, што згаданыя людзі "не хочуць прыйсці да ўлады". Паводле яго слоў, "іх задача — пагаварыць, пашумець, унесці раскол, але пры гэтым ні за што ў выніку не адказваць".

Кіраўнік "Белай Русі" заклікаў "патрыятычныя сілы" да адваявання "інтэрнэт-пляцоўкі" ў "ворагаў беларускай дзяржаўнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.