Вы тут

Дальнабойшчыкі супраць каранціну: як Канада сталася ахопленай пратэстамі

Дэманстрант у Атаве​ / AFP

Ужо тры тыдні Канаду скалынаюць пратэсты — толькі, у адрозненне ад падзей у Беларусі ці Казахстане, прапагандысты не спяшаюцца гэта назваць "каляровай рэвалюцыяй". Для іх гэта "справядлівае абурэнне грамадзян". Што ж, да "гэта іншае" мы даўно прывыклі.

Чаму ў Канадзе ўспыхнулі масавыя пратэсты і да чаго гэта можа прывесці — чытайце ў аглядзе Еўрарадыё.

 

"Канвой свабоды"

Усё пачалося з канадскіх дальнабойшчыкаў: яны абурыліся рашэннем урада пра тое, што для перасячэння мяжы з ЗША неабходна быць вакцынаваным.

Кіроўцы вырашылі зладзіць аўтапрабег у сталіцу краіны Атаву, назвалі акцыю "Канвой свабоды". Паступова да іх далучалася ўсё больш людзей. Яны блакавалі рух у гарадах, у тым ліку перакрыццём мастоў. Былі і "пешыя акцыі", некаторыя — на мяжы фолу.

Напрыклад, пратэстоўцы, як правіла прыхільнікі правых палітычных поглядаў, апаганьвалі помнікі і са здзекам гралі на барабанах карэнных народаў. Мясцовыя палітыкі асудзілі такое, а ад праяў нецярпімасці паспрабавалі адхрысціцца нават лідары пратэсту, але не ўдалося. Напрыклад, Джэймс Браўдэр, натхняльнік "Канвою свабоды", не толькі транслюе фэйкі пра пандэмію і вакцынацыю, але і ёсць прыхільнікам QAnon — тэорыі змовы, адной з самых яркіх праяў якой ёсць вера ў тое, што ўсім светам кіруе хеўра сатаністаў-педафілаў.
 

Беспарадкі

Паступова пратэсты, спалучаныя з перакрыццямі дарог і актамі вандалізму, пачалі выходзіць з-пад кантролю.

Мэр Атавы абвясціў у горадзе надзвычайную сітуацыю, а прэм'ер-міністр Джасцін Трудо з сям'ёй пакінулі горад у мэтах бяспекі.

Вядуцца расследаванні па фактах падпалаў, рабаванняў, пагроз і іншых злачынстваў. Аднак паліцыя Атавы з сітуацыяй не спраўляецца: у яе невысокая колькасць і, як высветлілася пазней, не стае абсталявання.

Зрэшты, да падзей, падобных да тых, якія адбываліся ў ЗША ў часе пратэстаў Black Lives Matters або штурму Капітолія, Канадзе пакуль далёка. Таму наступствы для краіны могуць быць хутчэй эканамічнымі — і палітычнымі.

 

Канец эпохі Трудо?

"Афіцыйна" патрабаванні пратэстоўцаў зводзяцца да адмены патрабаванняў па вакцынацыі для дальнабойшчыкаў і саступак урада ў частцы змякчэння кавідных абмежаванняў. Праўда, усё больш гучаць заклікі да ўрада Джасціна Трудо (ён прэм'ер-міністр з 2013-га) пайсці ў адстаўку.

Пратэсты ў Канадзе / The Canadian Press

Негатыўна для ўрада Трудо выглядаюць і апытанні: так, праведзеныя арганізацыяй Maru Public Opinion паказалі, што 48% канадцаў дрэнна ацэньваюць яго працу як прэм'ер-міністра, 35% — станоўча, астатнія не вызначыліся.

Па звестках жа Abacus Data, станоўча ставяцца да Трудо 36%, адмоўна — 46%.

Але гаварыць пра тое, што большасць канадцаў падтрымлівае пратэстоўцаў, таксама нельга.

Тыя ж Maru паказваюць: 44% абвінавачваюць у "распальванні" крызісу ўрад, а 46% — дальнабойшчыкаў. У цэлым сімпатый да "Канвою свабоды" не падзяляюць 56% канадцаў, што шмат у чым тлумачыцца метадамі пратэстоўцаў. Пры гэтым за адмену каранавірусных абмежаванняў выступаюць 54% жыхароў краіны.

Калі галоўная прэтэнзія да пратэстоўцаў звязаная з іх метадамі, то да Трудо ў выбаршчыкаў прэтэнзіі цалкам зразумелыя: большасць думае, што ён не спрабаваў вырашыць крызіс, а замест гэтага "фактычна хаваўся".

Відэа пратэстаў у Атаве ў канцы студзеня

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.