Дадзім рады на Men’s-фэсце ў Брэсце!

Men’s Fest і фестываль Еўрарадыё "Даём рады" запрашаюць адсвяткаваць 5-годдзе знакамітага брэсцкага фестывалю.


"За чатыры "Men’s фэсты" мы зрабілі пэўнае імя івэнту, які ведаюць ужо і за межамі Беларусі, — кажа арганізатар Men’s Fest Зміцер Назараў. — Мне падаецца, што для нашай зацікаўленай музыкай моладзі Men’s Fest — гэта не проста чарговы фестываль, а фэст з адукацыйным накірункам. Сёлетні лозунг івента "Men’s Fest дае рады!". 5 гадоў ён стаіць на нагах. Колькі яго не штурхалі, ён не здаваўся. Мы не апускаем рукі, а рушым далей, робім нешта важнае і годнае. І тое, што і сёлета гэта будзе якаснае мерапрыемства, я магу абяцаць".


У праграме Men’s Fest як звычайна — прадстаўнікі розных музычных кірункаў. Сёлета гэта будуць сэты Re1ikt, Nizkiz, Navі (лаўрэатаў і намінантаў прэміі "Даём рады") "Нагуаль", Jungle X-mas ды "энергічная заварушка" ад "Крамбамбулі", хэдлайнера фэсту. Апроч таго, чакаецца шмат конкурсаў і віктарын на веданне гісторыі Беларусі, Брэста, беларускага рок-н-рола і беларускай мовы.


Men’s Fest пройдзе 18 кастрычніка ў клубе "Сфера". Пачатак у 17.00. Кошт квіткоў складзе ад 100 000 да 150 000 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі