Дачка беларускі, пацярпелай у Грузіі: бацькі ходзяць у горы 20 гадоў

Дачка беларускі, пацярпелай у Грузіі: бацькі ходзяць у горы 20 гадоў

Беларуска, якая выжыла пры падзенні з гары ў Грузіі, была ў групе са сваім мужам. Пра гэта парталу TUT.by распавяла яе дачка Таццяна Сірач.

Увечары 14 жніўня ў Грузіі пры спуску з гары Тэтнульдзі згубіліся тры беларускія альпіністкі. Зранку ў чацвер іх знайшлі: дзве загінулі, а трэцяя была параненая. 

Выжылую беларуску, Алену Сірач з Брэста, даставілі ў лякарню горада Месція. 

Яе дачка не ведае, колькі ўсяго чалавек было ў групе, аднак разам з Аленай у групе быў яе муж Сяргей Сірач.

"Яны дасведчаныя альпіністы, 20 гадоў яны ходзяць у горы", — удакладняе дачка. Па яе словах, дагэтуль ніхто не ведае дакладна, што здарылася. 

Дзяўчына кажа, што ў групе былі яшчэ тры чалавекі з Брэста — жанчына і двое мужчын. Якраз гэтая жанчына ішла ў звязцы з Аленай Сірач і загінула. Другую загінулую дачка Алены не ведае.

Па словах Таццяны, паездку альпіністы арганізоўвалі самі. Яны не спыняліся ў гатэлі, а жылі ў намётах. 

Ратавальнік, які ўдзельнічаў у пошуку, паведаміў, што тры жанчыны аддзяліліся ад групы і ішлі ў адной звязцы. Яны спускаліся з вяршыні і, верагодна, адна з іх звалілася з грэбеня гары. 

Дачка Алены Сірач з татам пакуль не звязвалася: ён спускаецца з гары. А з мамай яна крыху паразмаўляла, калі ратавальнікі далі ёй тэлефон: "Мама сказала, што з ёй усё добра. Яна пад кропельніцай. У яе нармальны стан, не цяжкі. З татам і іншымі мужчынамі з Брэста таксама ўсё добра".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі