Да “польскага” Шэнгена засталося менш за тры месяцы

Еўрарадыё паспрабавала даведацца: ці сапраўды адна паездка ў Польшчу будзе каштаваць беларусам 60 еўра? 1 жніўня стала вядома, што Польшча плануе ўвесці шэнгенскія візы не з пачаткам 2008 года, а ўжо сёлета, з 1 лістапада. Кошт аднаразовай візы павялічыцца з 5 да 60 еўра. Пачнуць працаваць і новыя правілы выдачы віз згодна з патрабаваннямі Шэнгенскага пагаднення.

Еўрарадыё звернулася па тлумачэнні, як зменіцца працэдура выдачы віз, да прэс-сакратара польскай амбасады Монікі Садкоўскай.

Моніка Садкоўска: “Трэба будзе больш нейкіх дакументаў для атрымання візы. Крыху даўжэй неабходна будзе чакаць атрымання візы. І дакументаў, на падставе якіх будзе прымацца рашэнне аб выдачы візы, будзе больш”.

Прэс-сакратар амбасады ўпэўніла, што і пасля 1 лістапада па старых візах у Польшчу можна будзе выехаць. Іх дзеянне, хутчэй за ўсё, не адменяць. А вось што тычыцца магчымасці зніжэння кошту віз да 35 еўра, на якім настойвае Міністэрства замежных спраў Беларусі, то вырашыць станоўча гэта пытанне не ў кампетэнцыі толькі польскага ўрада.

Моніка Садкоўска: “На сённяшні дзень мы не можам самастойна вырашаць пытанне аб зніжэнні кошту шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Таму што з 1 лістапада ўсе амбасады Польшчы будуць працаваць па агульных Шэнгенскіх правілах”.

Між тым, у амбасадзе не выключаюць таго, што для пэўнай катэгорыі грамадзян будуць зробленыя пэўныя палёгкі ў афармленні і зніжкі ў кошце. У першую чаргу гэта тычыцца жыхароў памежнай зоны.

Моніка Садкоўска: “Будзе працягвацца праца з мэтай выпрацоўкі падыходу, які зробіць магчымым спрашчэнне візавага рэжыму для гэтай катэгорыі польскіх і беларускіх грамадзян”.

Па словах супрацоўніцы амбасады, шмат дакументаў і правілаў, датычных працы амбасады па шэнгенскіх правілах, яшчэ не распрацаваныя канчаткова. На многія пытанні яшчэ няма адказу. Да прыкладу, дасюль не вядома, колькі будуць каштаваць новыя візы ў Польшчу на паўгады альбо на год. І ці будуць ставіць візы бясплатна музыкам, якія наступным летам паедуць на “Басовішча”? Толькі на пытанне наконт таго, ці можна будзе па атрыманых у польскай амбасадзе візах наведаць іншыя краіны Еўропы, прэс-сакратар адказала станоўча.

На пачатку наступнага тыдня Моніка Садкоўска паабяцала карэспандэнту Еўрарадыё арганізаваць сустрэчу з кіраўніком консульскага аддзела амбасады. Мяркуецца, што да таго часу на ўсе пытанні па новых правілах працы амбасады будуць адказы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі