Цыганкоў: “Полк Каліноўскага выкарыстоўваюць для барацьбы з іншымі палітыкамі”

Святлана Ціханоўская / GETTY IMAGES

Палітыкі імкнуцца выкарыстоўваць Полк Каліноўскага як “маральную кувалду” ў барацьбе з іншымі палітыкамі, лічыць палітычны аглядальнік Валер Цыганкоў.

— Людзі, якія змагаюцца з Лукашэнкам, захопленыя палком Каліноўскага і лічаць яго сваёй надзеяй. Цяпер жа палком карыстаюцца як “маральнай кувалдай”. Кожны палітык хоча ўзяць яго пад сваё крыло. І палітычныя акцыі таго, хто зараз стане прадстаўніком палка Каліноўскага, павысяцца. Тым я і тлумачу такую зацятую барацьбу.

Але ўсё гэта мне вельмі актыўна не падабаецца. Не падабаецца, што палітыкі выкарыстоўваюць полк як сродак барацьбы не з Лукашэнкам, а з іншымі беларускімі палітыкамі.

Ён зазначае тэндынцыю: зараз павялічваецца хваля крытыкі ў адрас амаль ці не любога дзеяння Офіса Ціханоўскай. Цыганкоў лічыць, што гэта натуральны працэс, бо час працуе не на карысць Офіса.

— Лукашэнка не звергнуты, вынікаў няма, мы ў эміграцыі. На тым, што раней было маргінальным меркаваннем, зараз усе набіраюць лайкі. І гэта тэндэнцыя будзе павялічвацца.

Мы радаваліся, што са з’яўленнем Ціханоўскай апазіцыйная палітыка сышла з той дарожкі, па якой хадзіла гадамі. І цяпер я назіраю, як хочуць вярнуцца да гэтага ранейшага стану, калі апазіцыя ваявала сама з сабою.

Поўную размову рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука з Валерам Цыганковым глядзіце на нашым Ютуб-канале.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.