"Цяпер лекар — апошні ў ланцужку": Мартаў пра рэформы ў медыцыне Беларусі

У якой лякарні лячыцца — у дзяржаўнай ці ў прыватнай? / Irwan iwe / unsplash.com
У якой лякарні лячыцца — у дзяржаўнай ці ў прыватнай? / Irwan iwe / unsplash.com

Сярод праблем беларускай дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя — бюракратыя, адток кадраў, перапрацоўкі лекараў, складанасці ў закупцы замежных камплектуючых і тэхнікі.

Ці патрэбная такая медыцына ў Беларусі будучыні? Або лепш усё аддаць у рукі прыватніка, які будзе зацікаўлены ў якасці аказваных медыцынскіх паслуг — бо інакш ён не зможа канкураваць.

— У нас павінна быць разнастайнасць формаў уласнасці. Гэта датычыцца і медыцынскай дапамогі. Прыватныя цэнтры, страхавая медыцына. І абавязкова дзяржаўная, але ў ёй трэба вырашаць праблемы, якія назапашваюцца, — расказвае ў перадачы "PRO Медицину" Уладзімір Мартаў, экс-загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі віцебскай БХМД. — Гэта і падрыхтоўка персаналу, і рацыянальнае расходаванне сродкаў, і ўзаемаадносіны кіраўніцтва і лекараў.

Цяпер лекар апошні ў ланцужку [прыняцця рашэнняў і ініцыятыў. — Еўрарадыё], а павінен быць першы. Наколькі я ведаю, мала краін, у якіх лекар апошні ў ланцужку. Яго меркаванне не толькі важнае, яго яшчэ і выцягваюць, маўляў, скажыце, што вам трэба. Таму што ад гэтага будзе залежаць якасць. А ад якасці залежыць задаволенасць пацыента.

Галоўны ў сістэме аховы здароўя — пацыент, побач з пацыентам знаходзіцца лекар. Ніхто не ведае лепш за яго, што трэба пацыенту. Калі для прыняцця рашэнняў меркаванне лекара не важнае, калі яму прывыклі затыкаць рот, то далей ніякага развіцця, ніякай сучаснай медыцыны не будзе.

З чаго трэба пачаць рэфармаванне дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя?

— Калі гаварыць пра рэформу дзяржаўнай медыцыны, то мы павінны сутыкнуцца з радыкальным паляпшэннем медыцынскага менеджменту, — працягвае Уладзімір Мартаў. — Без гэтага любыя грошы будуць неэфектыўныя, таму што людзі проста не разумеюць, што рабіць. Павінны быць нейкія крытэры прызначэння на гэтыя пасады [кіраўнікоў].

Як мы цяпер даведваемся, што галоўны доктар добры ці дрэнны? "Ты мне падабаешся / не падабаешся". У цябе персанал выступае з палітычнымі лозунгамі? Значыць, ты дрэнны галоўны доктар, цябе памяняюць і прызначаць якога-небудзь дзяржыморду, які будзе займацца палітычнымі пытаннямі. Гэта не пра менеджмент, гэта не пра якасць аказання медыцынскай дапамогі.

Яшчэ адна тэма пра медыцыну будучыні — гэта заробкі. Калі мы знаходзімся ў адкрытым грамадстве са светам, то нізкія заробкі і дрэнная якасць кіравання будуць вымываць нашых добрых лекараў. Калі мы хочам мець нармальную медыцыну, то мы павінны будзем падымаць заробкі. Інакш лекары з'едуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі