Вы тут

Беларускія дзеці трэці год не бачаць свае італьянскія сем'і. Хто перашкаджае?

Гуманітарны рэйс перанеслі — дзеці трэці год не могуць убачыць сем'і, якія прымалі іх у гасцях кожнае лета / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Італія дазволіла "Белавія" прывезці на аздараўленне беларускіх дзяцей, якія нарадзіліся ў раёнах, што пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. Гэтыя дзеці не бачылі свае італьянскія сем'і ўжо тры гады. Але рэйс адкладзены — Міністэрства адукацыі цягне з выдачай дазволу, пішуць італьянскія медыя.

У самім Міністэрстве расказалі, што раней яны проста ўзгаднялі спісы дзяцей, якія едуць у Італію. Усе іншыя пытанні — за межамі іх кампетэнцыі. Прынамсі, пакуль. Ніякіх спісаў сёлета ў міністэрства не перадавалі, таму разбірацца павінны італьянскі бок. Еўрарадыё пераказвае, што адбылося і пры чым тут санкцыі, пандэмія і чыноўнікі.

"Гэта можа зноў затрымаць прылёт дзяцей"

Спярша планы італьянскіх сем'яў сустрэцца са сваімі беларускімі гасцямі парушыла пандэмія. Потым — забарона беларускім авіякампаніям залятаць у паветраную прастору ЕС. Два гады італьянскі бок выдаткаваў на тое, каб зрабіць гуманітарны рэйс з Беларусі магчымым — але ён зноў адкладзены, піша выданне Redattore sociale.

З 2021 года самалёты "Белавія" не могуць лятаць у паветранай прасторы ЕС / Anna Zvereva

Самалёт павінен быў павезці дзяцей у Італію на наступным тыдні, 12–13 чэрвеня. Цяпер рэйсы запланаваныя на 28, 29, 30 чэрвеня і 1 ліпеня. Але Redattore sociale піша, што ніякіх зрухаў з беларускага боку няма і ёсць небяспека, што тэрміны зрушацца зноў.

— Урад Лукашэнкі не падае ніякіх сігналаў, і гэта можа яшчэ раз затрымаць прылёт дзяцей, — мяркуе выданне.

 

"Беларусь не падае прыкмет жыцця"

Два гады італьянскі бок змагаўся за магчымасць арганізаваць пералёт. Прэзідэнт італьянскай дабрачыннай арганізацыі "Пуэр" Серхіа Дзі Чыка 14 красавіка асабіста напісаў ліст у МЗС Італіі з запытам арганізаваць гуманітарны рэйс "Белавія" — такога роду рэйсы не падпадаюць пад санкцыі Еўрасаюза.

Міністэрства замежных спраў напісала ліст для Дэпартамента цывільнай авіяцыі Італіі — ENAC. У гэтым лісце цяпер ужо МЗС тлумачыла неабходнасць арганізаваць такі рэйс.

Гэта значыць, Італія са свайго боку зрабіла ўсё неабходнае. І цяпер справа за Беларуссю. А яна, па словах Чыка, "не падае прыкмет жыцця".

"Праграма павінна быць ухвалена Беларускім дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці і Міністэрствам адукацыі. Першы даў дабро, а другое не адказвае, вагаецца, і гэта можа зноў азначаць прыпыненне", — тлумачыць Дзі Чыка.

У Мінадукацыі кажуць, што пакуль пытанне не ў іх кампетэнцыі. Ніякія спісы дзяцей, якія яны раней зацвярджалі, сёлета ў ведамства не паступалі.

"Пасля трох гадоў чакання гэта недапушчальна"

Беларускія дзеці, народжаныя ў раёнах, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, прылятаюць у Італію на рэабілітацыю ўжо трыццаць гадоў. У многіх з іх складваюцца цёплыя трывалыя адносіны з сем'ямі, якія іх прымаюць. Таму адмену гэтых паездак цяжка пераносяць не толькі беларусы, але і італьянцы.

"Калі мы працягнем губляць час, нам давядзецца рабіць усё нанова, і ёсць рэальная рызыка, што лета пройдзе без сустрэчы дзяцей са сваімі італьянскімі сем'ямі. Пасля трох гадоў чакання такая сітуацыя недапушчальная", — кажа Дзі Чыка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.