Цішыня і Wi-Fi: патрабаванні беларускіх клубаў у замежных паездках

“Гатэль павінен быць ціхім і спакойным. Каманда не павінна звяртаць увагу на нешта іншае акрамя падрыхтоўкі да гульні. Часцей за ўсё БАТЭ стараецца сяліцца на ўскраіне. Бывае, што і ў цэнтры горада, вядома. Калі няма выбару. І калі супрацоўнікі гатэля гарантуюць, што тут не будзе прахаднога двара і што каманда зможа абстрагавацца”, — расказвае прэс-сакратар барысаўскага клуба Сяргей Дашкевіч.

Прычым, у адміністрацыі БАТЭ няма патрабаванняў да “зорнасці” гатэля. Маўляў, падзел на зоркі — вельмі ўмоўны. Асабліва калі гуляць даводзіцца ў краінах былога СССР.

Не возіць з сабой БАТЭ і кухара. У камандзе кажуць, што пакуль не дасягнулі настолькі высокага статуса.

“БАТЭ не да такой ступені вялікі клуб… Харчуемся на агульных умовах. Выбіраем з таго, што гатэль прапаноўвае. Ну і, вядома, напярэдадні клубны кухар і урач высылаюць спіс страваў, якія хацелі б бачыць у рацыёне футбалістаў”.

З наяўнасцю сувязі паміж узроўнем клуба і прысутнасцю кухара ў паездках можна паспрачацца. Нават сціплы Сэнт-Джонстан прывозіў свайго на нядаўні матч у Гродна.

Галоўны сапернік БАТЭ у сёлетнім чэмпіянаце краіны — салігорскі “Шахцёр” — такога досведу замежных камандзіровак пакуль не мае. Але сёе-тое футбалісты з Салігорска таксама бачылі. У еўракубках рознага ўзроўню “Шахцёр” згуляў больш за дваццаць гульняў. Прэс-сакратар клуба Павел кажа, што патрабаванні да гатэляў у каманды сціплыя — неабходная толькі цішыня. У ежы пераборлівасці таксама няма.

“У плане харчавання ўсё стандартна. Меню паўсядзённае — макароны тыя ж — з цвёрдых злакаў. Ніякай пераборлівасці няма”

Прадстаўнік лідара чэмпіянату Беларусі сцвярджае, што цяжка прыгадаць нейкія праблемы, якія ўзнікалі ў каманды падчас выездаў. Аднак адзначае розніцу паміж Захадам і Усходам. Павел гаворыць, што больш прыемна ехаць у госці да каманды з былога СССР.

“Больш гасцінныя на постсавецкай прасторы. Па малдаванах увогуле ніякіх заўвагаў не было — адчувалі сябе як дома. У Аўстрыі (у 2008 годзе ў другім раундзе Кубка Інтэртота “Шахцёр” гуляў з “Штурмам”) іначай. Яны іншыя людзі, з іншым менталітэтам”

Весялей за іншых за мяжу выбіраўся футбольны клуб “Гомель”. Прадстаўнік клуба Дзмітрый расказвае, што аднойчы каманду сустракалі нават скрынямі піва.

“Увогуле, варта больш сыходзіць з мясцовых традыцый. Вось калі, напрыклад, мы былі на Фарэрах, то яны проста на стадыён вынеслі піва. Шмат, цэлымі скрынямі. Не для футбалістаў, вядома, але усе іншыя — абслуговаючы персанал — маглі ім частавацца”.

Акрамя гэтага фарэрцы частавалі гамяльчан тэматычным тортам, аформленым у выглядзе клубных эмблем, і прыгожа нарэзанымі фруктамі. Гэты прыём футбалістам “Гомеля” запомніўся нават больш, чым паездка ў Ліверпуль, дзе беларусы гулялі з легендарнай мясцовай камандай. Патрабаванні да кухні і гатэляў у гамяльчан таксама сярэднія — галоўнае, каб спакойна было. Але Дзмітрый узгадвае, што прадстаўнікі клуба заўсёды цікавяцца, ці ёсць у абраным гатэлі бесправадны інтэрнэт.

Як даведалася Еўрарадыё, у ФК “Гомель” гульцам дазваляецца браць з сабой у замежныя паездкі родных і блізкіх. Праўда, за свае грошы. Выключэнне робіцца толькі для журналістаў — іх бясплатна бяруць у самалёт.

“Гэта ўсё аплачваецца самімі жадаючымі. Іншая справа — журналісты. Яны не аплачваюць кошт пералёту — гэта, як правіла, палова кошту ўсяго выезду”.

Падобныя парадкі і ў “Шахцёры”. А вось у БАТЭ вазіць з сабой блізкіх не заведзена. У камандзе распавядаюць, што выключэнне было зроблена толькі аднойчы — калі барысаўчане ездзілі ў госці да “Барселоны”. Праўда, сам матч тады мала каму прынёс задавальненне. БАТЭ прапусціў чатыры галы і не забіў у адказ ніводнага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі