Ціханоўская агучыла прыярытэты дэмсіл на 2023 год

Святлана Ціханоўская / https://twitter.com/Tsihanouskaya
Святлана Ціханоўская / https://twitter.com/Tsihanouskaya

Святлана Ціханоўская агучыла прыярытэты беларускіх дэмакратычных сіл на 2023 год. Асноўныя з іх — прадухіленне ўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне (мяркуецца, што можа спрацаваць узмацненне санкцый) і дапамога рэпрэсаваным, іх сем'ям, а таксама падтрымка беларусаў, якія апынуліся на чужыне (сярод іншага гэта і візавыя пытанні) — "каб яны не адчувалі сябе пакінутымі".

"Трэба паскорыць візавую палітыку, выдаваць візы ў тым ліку ў Беларусі — гэта пытанне жыцця і смерці для многіх, — цытуе словы Ціханоўскай "Зеркало". — Мы таксама шукаем рашэнні для тых, каго могуць пазбавіць беларускага грамадзянства".

Яшчэ адзін агучаны прыярытэт у дзейнасці дэмсіл — узмацненне іх уплыву ўнутры Беларусі (будуць шукацца новыя спосабы данясення інфармацыі, у тым ліку і да "нейтральных" беларусаў) і прызнанне сапраўднымі прадстаўнікамі нашай краіны на Захадзе.

У 2023-м дэмакратычныя сілы збіраюцца пашыраць адукацыйныя, культурныя, асветніцкія праекты, накіраваныя на прасоўванне беларускай мовы і гісторыі. Як адзначыла Святлана Ціханоўская, "Беларусь — гэта частка Еўропы, а не рускага свету". Таксама ідзе праца над рэформамі ў сферах палітыкі (напісаны праект Канстытуцыі), эканомікі, ствараецца рэзерв кадраў.

А пакуль Ціханоўская канстатуе пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі: "Мы змагаемся за само існаванне нашай краіны: рэжым робіць больш жорсткімі рэпрэсіі, расійская прысутнасць павялічваецца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі