Крэмль і расіяне — не адно і тое ж, і гэтыя паняцці таксама трэба раздзяляць. Так на пытанне Еўрарадыё пра тое, ці варта выбудоўваць роўныя адносіны з суседам, які вядзе вайну, адказала Святлана Ціханоўская падчас свайго візіту ў Варшаву.
"Канешне, падтрымка Крамля і гэтай вайны сярод расіян нашмат большая, чым беларусаў. У Беларусі амаль 97% супраць гэтай ваны. Але калі ў Расіі з'явяцца палітыкі, гатовыя супрацьстаяць гэтай вайне публічна і сустракацца з намі, то, канешне, мы заўжды радыя, бо быць супраць вайны — гэта не значыць быць супраць адзін аднаго", — заявіла палітык.
Па словах Ціханоўскай, у 2020 годзе яна хацела сустрэцца з Пуціным, як з любым іншым чалавекам, які мог дапамагчы беларускаму народу і ізаляваць Лукашэнку. А вольнай Беларусі ўсталяваць добрыя адносіны з краінай-агрэсарам, якую ненавідзіць увесь свет, будзе складана.
"Хаця сітуацыя мяняецца. Хто ведае, што будзе праз тыдзень-два?", — рэзюмавала палітык.