Ці з'яўляецца распусканне рук сексуальным дамаганнем

Марыю "аблапалі" у мінскім метро. Усё было так: нядзельным вечарам яна чакае на пероне цягнік. Да яе падыходзяць два п'яныя хлопцы, на выгляд — студэнты, адзін з якіх распускае рукі і хапае дзяўчыну за пятую кропку. Аднак Марыя — дзяўчына смелая. Яна выклікае міліцыю, хлопцаў "вяжуць", і яна разам з імі апынаецца ў пастарунку.

"Гэта былі чароўныя паўгадзіны, — па-мастацку апісвае сітуацыю пацярпелая. — "Аз воздала" за ўсе пятнаццаць гадоў, падчас якіх актыўна карыстаюся мінскім метрапалітэнам. Хлопцы сур'ёзна перапужаліся. Яны вылі, роспачна мацюкаліся, біліся ў прыступах панічнай атакі, вінаваты стаяў на каленях перада мной і прасіў прабачэння ў мяне асабіста і ў ва ўсіх жанчын у маёй асобе".

Марыя гучна распытвае інспектара, каб хуліганы чулі, што ім можа пагражаць. Выходзіць, што за распусканне рук ім свеціць ці "хуліганка" ці, калі націснуць на сексуальны аспект — вось так, на роўным месцы, спроба згвалтавання. Марыя пісаць заяву не збіраецца, аднак тлумачыць крыўдзіцелям, што "свядомасць у грамадстве расце і любая дзяўчына мае права сябе абараніць". Ну, а стражы парадку праводзяць са студэнтамі "прафілактычную бяседу" якая, не выключана, выліваецца ў штраф.

"Гэта быў грамадскі транспарт, грамадскае месца, і пра сексуальнае дамаганне наўрад ці можа ісці гаворка, — ацэньвае вышэй апісаную сітуацыю Наталля Гуйвік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, юрыст па адукацыі. — Гэта прыставанне. Прыставанне навязлівае. І, на мой погляд, як юрыста і былой суддзі, дзеянні гэтых хлопцаў падпадаюць пад адміністрацыйны кодэкс і артыкул "дробнае хуліганства"".

І ўсё ж, ці не з'яўляецца "навязлівае прыставанне" сексуальным дамаганнем? Натуральна, што ёсць студэнты, якія раптоўна могуць пляснуць дзяўчыну па пятай кропцы ў тралейбусе, паказваючы сваё геройства перад сябрам. Аднак ёсць асобы, якія "прафесійна" займаюцца распусканнем рук кожны дзень. Прычым, вядомыя гісторыі, калі дзяўчыну, якая спрабуе адбіцца ад нахабніка, ён жа вінаваціць у неадэкватнасці.

Згодна з "Вікіпедыяй" сексуальнае дамаганне — гэта запалохванне, здзек або прымус сексуальнага характару, іншыя вусныя або фізічныя (абдымкі, дотык, нападзенне з мэтай згвалтавання) праследаванні сексуальнага характару. То бок, непажаданыя дотыкі незнаёмых — усё ж сексуальнае дамаганне!

Дэпутат Тамара Красоўская лічыць, што і ў адміністрацыйным, і ў крымінальным кодэксах Беларусі нормы, звязаныя з замахам на асобу, добра адпрацаваныя. І ў любым выпадку, жанчына мусіць сябе абараняць:

"Я лічу, што любое распусканне рук — гэта кепска. Распусцілі рукі — гэта ўжо злачынства. Якога яно характару, было гэта сексуальнае дамаганне ці не — не істотна. Натуральна, што трэба сябе абараняць. Нельга ніколі быць у ролі ахвяры".

За падобнае дробнае хуліганства аматарам жаночых вабнотаў свеціць як мінімум дзве базавыя велічыні — 360 тысяч рублёў. Дзяўчатам жа пасля такіх прыставанняў у грамадскім транспарце часам даводзіцца прыходзіць у сябе некалькі дзён. Калі б у адміністрацыйным кодэксе быў артыкул "за распусканне рук", ён адбіў бы жаданне ў многіх аматараў займацца гэтай бруднай справай, разважае Марыя і прапануе такіх людзей фатаграфаваць і вывешваць здымкі на адмысловую "дошку гонару" на сайце ГУВД:

"Каб іх знаёмыя ведалі, чым яны займаюцца. Бо мне здаецца, што гэта прыкра, бо наўрад ці чалавек хацеў бы, каб пра такі яго занятак ведалі людзі, іншыя жанчыны, бацькі. Гэта было б добрае пакаранне і ўсведамленне праблемы грамадскасцю. Бо пакуль што мы на тым этапе, што не ўсведамляем гэта, як правапарушэнне".

Ва Украіне і Польшчы распусканне рук у транспарце, як і у Беларусі, кваліфікуецца як дробнае хуліганства. За яго можна атрымаць штраф (у Польшчы да 1500 злотых, ва Украіне — ад трох да сямі мінімалак) ці патрапіць ва ўстанову папраўчага тыпу. У Расіі ў 2014 годзе была створаная ініцыятыўная група, якая рыхтавала законапраект аб сексуальным дамаганні. “Дамагальнікам” мог пагражаць штраф да 50 тысяч рублёў і 120 гадзін папраўчых прац. Аднак законапраект не быў прыняты да разгляду.

Фота: ruconnect.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі