Ці пусцяць зараз Туска ў Беларусь?

Дональда Туска, які перамог на парламенцкіх выбарах у Польшчы і заявіў пра свае жаданне стаць прэм’ерам Польшчы, ў жніўні ўжо не пусцілі ў нашу краіну. На гэты момант палітык з’яўляецца неўязным у Беларусь. Аднак Саюз палякаў Беларусі ўсё роўна чакае палітыка ў Гродне. А ці чакаюць Туска ў Міністэрстве замежных справаў?

Саюз палякаў запрасіў наведаць Беларусь Дональда Туска, які перамог на парламенцкіх выбарах у Польшчы і заявіў пра сваю жаданне стаць прэм'ерам краіны. Аднак невядома, ці зможа палітык дабрацца да Гродна, дзе 11 лістапада будуць святкаваць Дзень Незалежнасці. На сённяшні дзень спадар Туск з'яўляецца неўязным у Беларусь, у жніўні памежнікі тармазнулі яго на мяжы.

Тады намесніца прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Беларусі Марыя Ваньшына патлумачыла, што “існуе спіс людзей, знаходжанне якіх на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца непажаданым”.

Зараз у МЗС не гавораць пра тое, ці змяніўся статус палітыка:

“Гэтая сітуацыя не каментуецца, так жа, як і нідзе ў свеце. Гэта тычыцца прыезду ў Беларусь. Пра выбары ў Польшчы мы можам заявіць толькі адно: палякі зрабілі свой выбар. А нашая краіна заўсёды выступала і выступае за добрасуседскія адносіны з усімі краінамі-суседкамі”.

Магчыма, канешне, што беларускія ўлады і выкрасляць яго імя з “чорных спісаў”, калі Туск збярэцца ў Беларусь з афіцыйным візітам.

Аднак прадстаўнік Польшчы ў Еўрапарламенце і сябра партыі “Грамадзянская платформа” Богдан Кліх расказаў Еўрарадыё, што дыялог Польшчы з афіцыйным Мінскам працягнецца толькі пасля выканання Лукашэнкам патрабаванняў Еўропы:

“Я глыбока перакананы, што Польшча і надалей будзе падтрымліваць дэмакратычныя асяродкі. Разам з тым мы падрыхтаваныя да дыялогу з Лукашэнкам, калі той выканае патрабаванні Еўропы”.

Анжаліка Борыс, старшыня Саюза палякаў Беларусі, расказала Еўрарадыё, што 15 жніўня спадар Туск ехаў у Гродна на святкаванне Дня Войска Польскага:

“Саюз палякаў традыцыйна 19 год запар арганізуе свята з нагоды Дня Войска Польскага. На гарадзенскіх могілках пахавана шмат палякаў — абаронцаў Польшчы. На свята сабралося каля 500 чалавек. Па нашым запрашэнні і ехаў у Горадню спадар Туск. Прычым разам з ім ехаў віцэ-спікер Сойма Кшыштаф Пута, якога таксама не пусцілі на тэрыторыю Беларусі”.

Тым часам, польскіх палітыкаў чакаюць у Гродне ўжо ў лістападзе. Аднак у Саюзе палякаў Беларусі пакуль не гавораць, ці будзе сярод іх Дональд Туск:

“Я ведаю, што збіраюцца да нас, таму што мы арганізоўваем 11 лістапада свята з нагоды Дня Незалежнасці Польшчы. Хто канкрэтна з польскіх палітыкаў – я пакуль не магу сказаць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі