Ці могуць ВНУ адабраць дыплом у "збеглага" выпускніка?

Еўрарадыё праверыла чутку: калі выпускнік не працуе два гады па спецыяльнасці, яго дыплом могуць ліквідаваць. Гэтую чутку Еўрарадыё абверглі ў Міністэрстве адукацыі і шэрагу сталічных ВНУ, але ў педагагічным універсітэце - пацвердзілі.

З 2007 года кожная навучальная ўстанова вядзе ведамасць персанальнага ўліку выпускнікоў. Гэта значыць, што на працягу двух гадоў універсітэт сочыць за выпускнікамі: ці даехалі яны да месца размеркавання і дзе зараз працуюць. У аддзеле кадраў БНТУ Еўрарадыё кажуць: калі малады спецыяліст адпрацаваў некалькі месяцаў, а пасля вырашыў адседзецца дома, універсітэт з ім звязваецца і папярэджвае, што калі ён не выйдзе на працу, яму прыйдзецца вярнуць дзяржаве грошы за навучанне.

БНТУ: Калі ён не прыступіў да працы і не адпрацаваў, мы проста вышукваем, і яны пакрываюць сродкі за навучанне.

Яшчэ адно выйсце – універсітэт яшчэ раз можа пераразмеркаваць. Галоўнае, каб выпускнік адпрацаваў 2 гады. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Танка Еўрарадыё сказалі, што з 2007 года яны маюць права пазбавіць маладога спецыяліста дыплома, калі той не працуе па размеркаванні альбо па спецыяльнасці.

Еўрарадыё: Ці могуць "збеглага" выпускніка пазбавіць дыплома?
БДПУ імя Танка: Зараз такое ёсць, і вядуцца журналы, а раней не вялося нічога.
Еўрарадыё: А пад гэты ўказ зараз хто трапляе?
БДПУ імя Танка: Трапляюць выпускнікі 2008 года, і 2007 таксама патрапіў.

Шанцуе толькі тым, у каго вольны дыплом: на іх не вядзецца ніякага журнала, і ім не пагражае пазбаўленне дыплома аб вышэйшай адукацыі. Калі ў педагагічным універсітэце настроеныя рашуча, то астатнія ВНУ пагражаюць сваім выпускнікам вяртаннем сродкаў за навучанне. Чуткі пра пазбаўленне дыплома яны абвяргаюць.

БДУ: Я не чытаю газет і нічога не чула пра гэта.
БДЭУ: Я, канешне, не ў курсе нейкіх апошніх навацый, але універсітэт увогуле не можа нікога пазбаўляць дыплома. Калі чалавек не адпрацаваў па накіраванні два гады, да яго могуць быць прад’яўлены пазоўныя патрабаванні аб вяртанні сродкаў, затрачаных на яго навучанне.
БАТУ: Мы вышукваем яго і папярэджваем, што калі ён не будзе працаўладкаваны, тады да яго будуць выкарыстаны санкцыі.

Ва ўпраўленні кадравай палітыкі Міністэрства адукацыі Еўрарадыё сказалі, што пазбавіць выпускніка дыплома ніхто не мае права. Паводле апошняга палажэння Савета міністраў, універсітэт можа толькі падаць на маладога спецыяліста ў суд, а пра пазбаўленне дыплома ўвогуле няма гаворкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі