Ці магчыма пацвердзіць аднаполы шлюб у Беларусі? Шукаем шчыліны ў заканадаўстве

Ці магчыма пацвердзіць аднаполы шлюб у Беларусі? Шукаем шчыліны ў заканадаўстве

Нечакана ў Маскве прызналі шлюб паміж двума мужчынамі, які яны зарэгістравалі ў Даніі. А праз некалькідзён МУС РФ прызнала шлюб несапраўдным, завялі справу аб пашкоджанні дакументаў. Еўрарадыё паспрабавала высвятліць, ці магчыма такое па беларускім заканадаўстве.

 

Каротка: што адбылося?

25 студзеня двое грамадзян Расіі, Павел Стоцкі і Яўген Вайцяхоўскі, распавялі ў інтэрв'ю тэлеканалу “Дождь”, што ў Расіі пацвердзілі іх шлюб, заключаны 4 студзеня ў Даніі. Па іх словах, неабходныя адзнакі ў пашпартах ім без усялякіх складанасцяў паставілі ў шматфункцыянальным цэнтры дзяржпаслуг. 26 студзеня МУС прызнала дакументы несапраўднымі, і пашпарты мужчын былі ануляваныя. Больш за тое, на хлопцаў заведзеная справа аб пашкоджанні дакументаў. Супрацоўніца МУС, якая паставіла штампы аб рэгістрацыі шлюбу, будзе звольненая. 

 

У Беларусі прававым рэгулятарам сямейных стасункаў выступае Кодэкс аб шлюбе і сям’і. У ім (230 артыкул) пазначана, што шлюбы паміж грамадзянамі Беларусі, зарэгістраваныя за мяжой, у РБ прызнаюцца законнымі, калі няма абставінаў, якія перашкаджаюць афіцыйнаму афармленню адносін.

Усе гэтыя абставіны пазначаныя ў 17-19 артыкулах Кодэкса. Пры гэтым, у іх не пазначана нічога пра аднаполы шлюб. А значыць, гэта не абмяжаванне. Але ёсць артыкул 12, па якім шлюб — гэта добраахвотны саюз паміж мужчынам і жанчынай. Значыць, па гэтай прычыне нельга зарэгістраваць аднаполы шлюб у Беларусі?

Праваабаронца Ініцыатыўнай групы “Ідэнтычнасць і права” Наталля Манькоўская адказвае Еўрарадыё.

Наталляя Манькоўская: “Тут узнікае пэўная калізія. З аднаго боку, перашкод для таго, каб прызнаць шлюб, заключаны паміж людзьмі аднаго полу, увогуле няма, з іншага — артыкул 12. Але, калі пакапацца і прааналізаваць, то можна заўважыць, што ў ім не прапісаная абавязковасць выканання”.

 

Артыкул 12 Кодэкса аб шлюбе і сям’і РБ: Шлюб — гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца на ўмовах, прадугледжаных гэтым Кодэксам, накіраваны на стварэнне сям'і і спараджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі.

 

Наталля Манькоўская: “Я не магу казаць за беларускія органы, маўляў, яны павінны будуць прызнаць такі шлюб. Але людзі ўсе ж такі заключылі шлюб у краіне, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы. І нідзе ў артыкулах беларускага Кодэкса няма спасылкі на 12-ы артыкул, нібыта, ён можа перашкаджаць пацверджанню шлюбу ў іншай краіне, у якой аднаполыя шлюбы дазволеныя”.

Юрыст Аляксандр Жук лічыць, што менавіта артыкул 12 — падстава не легалізаваць аднаполы шлюб, нават зарэгістраваны ў краіне, дзе гэта дазволена.

Аляксандр Жук: “З аднога боку, сапраўды, у абмежаваннях не напісана нічога пра тое, што нельга зарэгістраваць аднаполы шлюб. Але справа ў тым, што само паняцце “шлюб” у беларускім заканадаўстве — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Калі дакумент будзе легалізаваны на тэрыторыі Даніі, то ў Беларусі ён не будзе мець юрыдычнай сілы. Добра хаця б тое, што, калі людзі аднаго полу пажаніліся за мяжой і прыехалі ў Беларусь, то да адказнасці іх ніхто не прыцягне. Проста гэты шлюб не будзе мець юрыдычнай сілы ў Беларусі”.

Што тычыцца сітуацыі ў Расіі, то юрыст лічыць, што адбылася тэхнічная памылка.

Аляксандр Жук: “Паняцце шлюбу адрозніваецца ў дацкім і расійскім заканадаўстве. І паколькі дацкае супярэчыць расійскаму, то гэты шлюб у Расіі не можа мець юрыдычных наступстваў”.

Шлюб ў замежнай краіне таксама можа быць легалізаваны прастаўленнем апастылю. Гэта спрошчаная працэдура легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў. Яна ўжываецца ў краінах, якія ў 1961 годзе ў Гаазе падпісалі Канвенцыю, якая адмяняе патрабаванне легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў. У спіс краін-удзельніц Гаагскай канвенцыі ўваходзіць у тым ліку і Беларусь, а таксама, напрыклад, Данія, дзе дазволеныя аднаполыя шлюбы.

Якая іронія: наяўнасць апастылю сведчыць толькі пра тое, што дакумент сапраўдны — прызнаць сапраўдным той жа самы шлюб на тэрыторыі Беларусі з яго наяўнасцю немагчыма.

У адным з раённых ЗАГСаў Мінска Еўрарадыё нагадваюць пра яшчэ два артыкулы з Кодэкса — 236-ы і 237-ы.

Калі казаць простай мовай, то мы, прызнаючы правільна аформлены дакумент, прызнаём факт рэгістрацыі шлюбу і юрыдычныя наступствы (236 артыкул). Але, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (237 артыкул), мы кажам толькі пра дакумент, які быў прад’яўлены і правільна аформлены”.

Зыходзячы з каментарыяў, якія мы атрымалі, пацвердзіць у Беларусі аднаполы шлюб, заключаны ў краіне, дзе гэта дазволена, немагчыма.

Паміж тым, напрыканцы 2017 года аднаполыя шлюбы былі легалізаваныя ў 23 краінах свету. На дадзены момант апошнія папраўкі ў заканадаўства ўнесла Аўстралія — у снежні мінулага года. Першай краінай свету, якая дазволіла на заканадаўчым ўзроўні ствараць аднаполыя сем’і, стала Галандыя — у 2001 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі