Ці будуць зніжацца кошты на бензін у Беларусі?

У сувязі з падзеннем коштаў на нафту на сусветных  рынках ніжэй за 80 долараў за барэль, ва ўсім свеце пачалі зніжацца і кошты на нафтапрадукты. А ці будуць падаць кошты на бензін у Беларусі? Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў сітуацыі. За апошні месяц кошты на бензін знізіліся ў нашых бліжэйшых суседзяў. Напрыклад, у Літве адзін літр бензіну каштуе каля 1,39 долараў супраць 1,59 у жніўні, калі кошт на нафту быў у два разы вышэйшы. Пра гэта распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар кампаніі “Мажэйкяй Нафта” Яцэк Ян Комар:

“Яшчэ перад крызісам, калі самы высокі кошт на нафту быў 140 долараў за барэль, цана бензіну дасягнула амаль 4 літаў. Сёння, калі кошт недзе 98 долараў за барэль, цана бензіна каля 3,5 літа на бензакалонках”.

Атрымліваецца, кошты на бензін у Літве за апошні месяц знізіліся на 12,5 %.

У Расіі таксама адзначалася невялікае зніжэнне коштаў на бензін. Як паведамляў Росстат, кошты на бензін знізіліся ў сярэднім па Расіі на 1,5 працэнта за апошні месяц.

Што будзе з коштамі на бензін у нас, пацікавілася Еўрарадыё ў канцэрне “Белнафтахім”.

“Справа ў тым, што нават пры такім зніжэнні іхныя кошты на 50 працэнтаў большыя за нашыя. Дызельнае паліва ў іх 1,46 — у нас 1,06, розніца ў 40 адсоткаў. Па 92-ім на 20 адсоткаў. Па 95-ым… Ну, хто на 95-ым ездзіць? Гэта буржуі ездзяць, якія могуць сабе гэта дазволіць. Спажыванне 95-га бензіна ўсяго тысячы 3 на месяц. У Рэспубліцы Беларусь самыя даступныя кошты на нафтапрадукты ў параўнанні з сумежнымі дзяржавамі. Крызіс на нас амаль не адбіваецца”.

З пытаннем, чаму ж у Беларусі няма зніжэння коштаў на бензін, мы звярнуліся да эканаміста Леаніда Злотнікава:

“У нас амаль заўсёды адмоўнае сальда бягучага рахунку плацёжнага балансу. Гэта значыць, што ў нас пастаянна імпарт перавышае экспарт. І гэтае перавышэнне ў мінулым годзе склала 3 мільярды долараў”.

У гэтым годзе мы ідзем амаль з такім жа перавышэннем, і гэта значыць, што мы жывем у крэдыт. Таму кіраўніцтву краіны трэба пастаянна шукаць рэсурсы, каб гэтую пазыку аплочваць. Спосабаў шукаць такія рэсурсы шмат, і адзін з іх — гэта павышаныя кошты на бензін.

Злотнікаў: “Ёсць шмат розных спосабаў, як адшукваць гэтыя рэсурсы. Але адзін з іх — гэта калі яна (дзяржава - ЕРБ) здымае з насельніцтва пры дапамозе падаткаў нейкія грошы, і гэтыя дзіркі затыкае. Гэта не важна, за кошт чаго. Урад мог бы знізіць кошты на бензін, але тады б ён мусіў адшукаць у іншым месцы і штосьці павысіць”.

Атрымліваецца, сітуацыю патлумачыць вельмі проста. Калі б у нас была рынкавая эканоміка, кошты на паліва павінны былі б падаць. Пры нашай каманднай эканоміцы дзяржава цалкам кантралюе кошты на паліва. Яна не будзе зніжаць іх, бо трэба пастаянна шукаць сродкі, каб папоўніць бюджэт. А кошт беларускага бензіну напалову складаецца з падаткаў.

Фота — consumerspy.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі