Ці атрымаецца капучына з беларускага малака

Рэстаратары скардзяцца на пастаўшчыкоў, маўляў якасць прадукцыі не супадае з заяўленай. На паседжанні па падрыхтоўцы да Чэмпіянату свету па хакеі дырэктарка рэстаранаў "Васількі" кажа пра малако: замаўляюць адно, пэўнай якасці, а прывозяць іншае. З-за гэтага не могуць прыгатаваць добрую каву капучына.

"Праблема з малочнай групай тавараў апошнія 8-9 месяцаў стабільная, на жаль. Яны могуць узяць заяўку, а прывезці тлустасці меншай, чым трэба. Мы вымушаныя замест абраных намі працэнтаў тлустасці па малацэ, кефіры, смятане браць тое, што ёсць на гэты момант, каб зусім не стаць на стоп-лісты", — тлумачаць у аддзеле закупак рэстарана.

Чаму малако не такое, як замаўлялі, не тлумачаць. Не патлумачылі і Еўрарадыё. У Савушкіным прадукце, напрыклад, прапанавалі напісаць запыт.

"У нас гэта не заведзена тлумачыць. Усе малочнікі буйныя дзяржпрадпрыемствы. У іх такая колькасць рэстаранаў і крамаў, якія хочуць атрымаць іх тавар, што не яны бегаюць за намі, а мы за імі", — наракаюць у Васільках.

Праблем з малаком у рэстарана "Камяніца" няма. Праўда, пенку для капучына тут робяць з… расійскага малака. Беларускае кепска узбіваецца.

У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці кажуць, што само па сабе беларуская малако лепшае за расійскае.

"Я хачу сказаць, што ў нас малако лепш, чым у Расіі. Што яны дадаюць, для узбітасці, гэта іншае пытанне".

Аляксандр Бертановіч з TUT COFFEE тлумачыць, што кепска узбівацца можа адноўленае малако.

"Малако бывае не цэльнае, а адноўленае з сухога. Тады сапраўды могуць быць праблемы, і тлустасць тут не уплывае. Але я даўно такога не сустракаў. Зараз больш-менш добра робяць".

Барыстка з GURU Coffee Club Ірына тлумачыць Еўрарадыё, што ўзбіванне малака залежыць ад колькасці бялку.

"Чым бялку больш, тым лепш. На жаль, у Мінску адшукаць добрае малако для кавярні ў дастатковай колькасці цяжкавата. Але ў нас асаблівых праблем няма".

Еўрарадыё Ірына тлумачыць, што важна каб атрымалася добрая пенка.

"Важна не перагрэць малако, бо перагрэтае дадае капучына не вельмі прыемны водар, які спрабуюць схаваць пад карыцай. За кошт добра ўзбітага малака капучына мае саладкаваты смак. На першай стадыі трэба пагружаць капучынатар (трубку з парам) зусім трошкі, малако насычаецца кіслародам, за кошт гэтага з'яўляецца пена. У гэты час будзе характэрны шыпячы гук. Але галоўнае — не перастрацца, бо яно будзе вельмі пузырыстае. А другая стадыя — гэта праграванне да патрэбнай тэмпературы, і за кошт гэтага збіваюцца лішнія бурбалкі".

Акрамя малака ёсць у рэстаранаў нараканні на мяса. Пастаўшчыкі фасуюць яго вельмі буйнымі кавалкамі, кажуць у "Васільках".

"Нам хацелася, каб яно фасавалася так, як зручна грамадскаму харчаванню. Мы не можам узяць на рэстаран кавалак у 15 кг, калі за дзень праходзіць 3 кг. Значыць, што кавалак трэба размарозіць, узяць 3 кг і зноў замарозіць. А гэта забаронена санітарнымі нормамі. Прыватныя арганізацыі ўжо навучыліся, а дзяржаўныя — не".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі