Вы тут

Чырвоны касцёл завінаваціўся дзяржаве $64 тысячы: адкуль узяўся гэты доўг?

Чырвоны касцёл / Еўрарадыё

Касцёл Святых Сымона і Алены ў Мінску, які ва ўжытку называюць Чырвоным касцёлам, стаўся вінен дзяржаве каля 156 тысяч рублёў. Пра гэта на вячэрняй службе 12 ліпеня расказаў ксёндз. Паводле яго слоў, лік каталіцкай абшчыне выставіла КУП "Мінская спадчына" — "за амартызацыю касцёла і падаткі на карыстанне зямлёй".

Касцёл з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і адным з самых вядомых архітэктурных упрыгажэнняў Мінска. Няўжо вернікі, якія моляцца там, павінны плаціць падаткі?

Раніцай 13 ліпеня сітуацыю пракаментавалі прадстаўнікі КУП "Мінская спадчына", на баланс якога будынак касцёла быў перададзены ў 2013 годзе. У чаце "Минск: какой народец — такой и городишко" прадстаўнік прадпрыемства напісаў, што касцёл не плаціў падаткі — каля 13 тысяч рублёў у месяц — з канца 2019 года.

"Будынак касцёла і плябаніі ім перададзены ў бязвыплатнае карыстанне, але яны не з'яўляюцца ўладальнікамі, таму згодна з указам [Аляксандра Лукашэнкі] 150 ад 29.03.2012 абавязаны кампенсаваць расходы на амартызацыю, зямельны падатак, камуналку і г. д.", — напісаў прадстаўнік КУП "Мінская спадчына".

На час рэканструкцыі, якая працягвалася некалькі апошніх гадоў, будынкі былі вызваленыя ад падаткаў. Але цяпер яны ўведзены ў эксплуатацыю. Падатак налічваецца на "Мінскую спадчыну", тая перакладае яго на каталіцкую абшчыну. Але вернікі плаціць не хочуць.

"За што мы павінны плаціць? За тое, што мы молімся?" — абураецца ксёндз. Ён кажа, што абшчына прасіла перадаць ім будынак ва ўласнасць, але Мінгарвыканкам адмовіў. На ўваходзе ў храм ляжыць зварот з паўторнай просьбай вярнуць Чырвоны касцёл каталікам, яго можа падпісаць кожны ахвотны.

Прадстаўнік "Мінскай спадчыны" тлумачыць, што перадача касцёла на баланс камунальнага прадпрыемства — выпадак унікальны, іншымі рэлігійнымі будынкамі яно не валодае. І не просіць шукаць у патрабаванні аплаціць даўгі палітыку.

Карыстальнікі чата мяркуюць, што для Аляксандра Лукашэнкі самы час умяшацца і "элегантна разруліць" сітуацыю. Гэта падыме яго рэйтынг у вачах каталіцкай супольнасці Беларусі. А ў сацсетках ужо жартуюць: як думаеце, што ў касцёле адкрыюць пасля таго, як адтуль прагоняць вернікаў, — "Еўраопт" ці "Табакерку"?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.