Культавы "Чырвоны дворык" у цэнтры Мінска перафарбуюць у ружовы колер

Чырвоны дворык у Мінску / Ірына Барушка, Еўрарадыё​
Чырвоны дворык у Мінску / Ірына Барушка, Еўрарадыё​

Знакаміты "Чырвоны дворык" на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску збіраюцца перафарбаваць у ружовы колер. Пра гэта 27 жніўня на сваёй старонцы ў Facebook напісала ўладальніца мясцовага бара "Сіняя Каза" Ксенія Фёдарава.

Культовый "Красный дворик" в центре Минска перекрасят в розовый цвет

"З першага жніўня ў двары топчуцца будаўнікі, — распавядае Ксенія журналістцы Еўрарадыё. — Тыдні з два таму абвясцілі, што будуць зафарбоўваць, сталі падбіраць колер. Ну, мы пастаялі, падабралі колер бліжэй да чырвонага. Яны сказалі, што з кімсьці ўзгодняць і вернуцца. А сёння прыйшлі і кажуць: "Усё, узгаднілі ружовы".

Ксенія пацікавілася чаму і папрасіла паказаць, якімі будуць сцены ў дворыку. Будаўнікі замазалі частку сцяны — колер набытай фарбы сапраўды аказаўся ружовым.

"Будаўнікі паказалі праект і сказалі, што ўсё ўзгоднена з Мінкультам і КУП "Мінская спадчына", — працягвае заснавальніца "Сіняй казы". — Мне тэлефанавалі журналісты, якім у "Спадчыне" сказалі, што не маюць да гэтага ніякага дачынення".

У Мінкульце здзівіліся навіне аб перафарбоўцы дворыка

"Я ўпершыню пра гэта чую, — кажа Еўрарадыё намесніца начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння Мінкульта Святлана Краюшкіна. — Гэта тэрыторыя гістарычнага цэнтра. Калі нешта плануецца (я не ведаю, кім, калі і з якой мэтай), то ўсё павінна быць па законе, у адпаведнасці з Кодэксам аб культуры, усё павінна быць навукова пацверджана і абгрунтавана".

Магчыма, дворык рамантуюць, і будаўнікі проста пераблыталі адценні чырвонага колеру?

"Трэба паглядзець, што адбываецца, — працягвае спецыялістка Мінкульта. — Калі гэта проста рамонт, то ў праекце або праграме работ паказваецца міжнародная маркіроўка колеру (RAL). Тэрмінаў "мільён чырвоных" або "мільён шэрых" няма. Гэта проста некарэктна і непрафесійна".

Тым часам у каментарах да допісу Ксеніі Фёдаравай ўжо разгарнулася дыскусія на тэму, хто "заказаў" дворык і як будаўнікі не патрапілі ў патрэбны тон, вырашыўшы зэканоміць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі