Вы тут

Чыноўнікі супраць святога Валянціна: Свята не рэкамендаванае

На Хэлоўін чыноўнікі ад адукацыі вырашаюць… забараніць свята ў школах. А разам з ім і Дзень усіх закаханых. Такія святы “дэструктыўныя”! Пра гэта школам паведамляюць у лісце за подпісам кіраўніка упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы:

“З'яўляючыся прадуктам сучаснай масавай культуры Захаду, гэтыя так званыя “святы”... не адносяцца ні да рэлігійных святаў якой-небудзь з канфесій, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ні да свецкіх святаў нашай дзяржавы, ... носяць дэструктыўны характар, падрываюць асновы маралі, сям'і і нацыянальных традыцый беларускага народа. Дадзенае свята адзначаецца ўжо гэтак шырока, што большасць устаноў адукацыі фактычна апынуліся ўключанымі ў гіганцкую масавую індустрыю інфармацыйна-ідэалагічнага і эканамічнага характару (купля навучэнцамі паштовак)”.

Фота: nn.by
Фота: nn.by

Ці сапраўды забаранілі школьнікам дарыць “дэструктыўныя” валянцінкі?

“Нейкіх асаблівых рэкамендацый на сённяшні дзень мы не давалі, ні ўчора, ні сёння”, — цяпер Дзмітры Хома не забараняе Дзень закаханых. Чыноўнік не можа прыгадаць, якім чынам ён адзначаў гэты дзень, калі сам быў школьнікам.

Забароны няма, але ёсць “рэкамендацыя”: не звяртаць увагі на свята. Таму школьнікі першай віцебскай гімназіі сёння не перадаюць валянцінкі праз школьную пошту.

"Мясцовыя ўлады адрасавалі нам ліст, у якім рэкамендавана не звяртаць увагі і не адзначаць падобныя святы. Раней у нас святочная пошта ў гэты дзень працавала”, — прыгадваюць у гімназіі.

Не святкуюць 14 лютага яшчэ ў некалькіх віцебскіх школах. Усе спасылаюцца на таямнічую “рэкамендацыю”.

Няма свята ўсіх закаханых і ў сталічных школах. Але не існуе і забароны на такое свята, кажуць Еўрарадыё ў Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама. 14 лютага у камітэце разважаюць пра каханне і традыцыі:

“У нас ёсць традыцыі, якія складваюцца ва ўстановах адукацыі. Калі мы гаворым пра каханне, якое умацоўвае сям’ю, гэта адзін момант. А калі казаць пра асобу Валянціна ― гэта ўжо зусім іншае. Гістарычную практыку, безумоўна, можна выкарыстоўваць у мерапрыемствах”.

Прамой забароны на свята няма і самога свята таксама няма.