Чым выстава “Таямніцы цела” абурыла праваслаўнага святара (фота)

“Прэпарат пагружаюць у ацэтон, адбываецца дэгідрацыя. Высушваецца. Потым ацэтон адкачваюць і адначасова закачваюць біяпалімер. Пад уздзеяннем вакууму біяпалімер цалкам запаўняе экспанат. Апошняя стадыя — высушванне, фіксацыя”, — расказвае пра тэхналогію вырабу экспанатаў для выставы “Таямніцы цела” экскурсавод Юля.

Юля, як і іншыя экскурсаводы, вучыцца ў медыцынскім універсітэце. Тут падпрацоўвае. За яе спакойным і нават пазітыўным аповедам пра пагружаны ў ацэтон прэпарат хаваецца страшная праўда — усе экспанаты з сямі залаў — зусім не пластыкавыя муляжы. Гэта цэлыя целы, органы і косткі сапраўдных людзей.

Наведвальнікаў на выставе шмат і розных. Студэнты (у тым ліку медыкі), школьнікі, дарослыя. Аднойчы нават праваслаўны бацюшка прыходзіў. Вельмі злаваўся, расказвае Юля.

“Ён быў ад пачатку негатыўна настроены. Маўляў, мы можам той жа мозг зрабіць з пластмасы. Я гавару яму, што выстава не будзе мець тады такога поспеху, хто пойдзе глядзець на пластмасу? Потым пачалося пра камерцыйны фактар. То бок царква негатыўна ставіцца да гэтага. Ён гаварыў нам усё гэта. А мы яму спрабавалі патлумачыць, што ўсё гэта трэба і важна. Людзі мяняюць стаўленне да здароўя свайго, дзеці цікавяцца — хочуць паступаць у медыцынскі”.

Выстава насамрэч пазнавальная. Дзе, напрыклад, даведаешся, чаму уколы робяць менавіта ў пятую кропку? Альбо на ўласныя вочы пабачыш, як выглядаюць сапраўдныя лёгкія курца і здаровага чалавека?

Некаторыя экспанаты нават можна назваць мастацкімі творамі — настолькі прыгожа выглядаюць. Студэнты-медыкі расказваюць, што для іх тут можа і не так цікава, як для звычайных людзей, але дакладна прыгожа. Трупы, з якімі яны маюць справы падчас навучання, значна менш эстэтычныя.

“Прэпарыраваны труп мяняе сваю кансістэнцыю, свой колер. Ён мае іншую структуру. Плюс фармалін, раствор дзе ён утрымліваецца, мае ядавітыя пары. У дадатак можа быць не вельмі добра прэпарыраваны. Мы, медыкі, паслойна прэпарыруем. У нас у музеі стаяць прэпараты, у банках… А тут вось эстэтычна ўсё, з пункту гледжання анатоміі таксама”.

У Беларусь выставу “Таямніцы цела” прывезлі з Лос-Анжэлеса. Па свеце яна ездзіць ужо даўно. Усе экспанаты — з Кітая. Усходнія рысы можна лёгка распазнаць на тварах. Працуе выстава да сярэдзіны студзеня. Калі збярэцеся — прыхапіце з сабой нашатыр.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі