Вы тут

Чым вядомы новы кіраўнік МУС Іван Кубракоў і чаму яму так удзячныя амапаўцы

Іван Кубракоў / Минск-Новости

Міністрам унутраных спраў Беларусі 29 кастрычніка прызначаны 45-гадовы Іван Кубракоў, ураджэнец Касцюковіцкага раёна. Да гэтага ён кіраваў мінскай міліцыяй, а ў цэлым кар'еру Кубракова называюць "бліскучай".

Еўрарадыё высветліла, чым вядомы (і цікавы) новы міністр унутраных спраў.

 

"Вясковы дэтэктыў"

У вялікім матэрыяле, які выйшаў на "Минск-Новостях" пасля прызначэння Кубракова кіраўніком ГУУС, яго кар'еру называлі "бліскучай".

"За няпоўную чвэрць стагоддзя ён паслядоўна прайшоў мноства службовых прыступак ад радавога ўчастковага да кіраўніка ГУУС Мінска ў пагонах генерал-маёра міліцыі. Менавіта прайшоў, менавіта прапрацаваў, пражыў", — пісалі ў артыкуле пра Кубракова.

Служыць у органах унутраных спраў з 1995-га.

"Калі ўчастковы суха адказвае на просьбы гараджан, маўляў, не ў яго кампетэнцыі, то ніякага даверу з боку насельніцтва і блізка не будзе. Калі ж ён уважлівы да праблем кожнага і падказвае, як іх вырашыць, то і грамадзяне яго паважаюць. Успомніце метады ўчастковага Аніскіна ў фільме "Вясковы дэтэктыў". Ён не бегаў на злом галавы, а вёў даверныя размовы, якія ў выніку дапамаглі раскрыць злачынства", — сказаў Кубракоў.

Вярнуў АМАП

Усе супрацоўнікі АМАПа, калі верыць тым жа "Минск-Новостям", вельмі ўдзячныя Кубракову. Яшчэ ў 2012-м ён прапанаваў Ігару Шуневічу вярнуць гэтую назву падраздзяленням міліцэйскага спецназа. У той час Кубракоў працаваў у галоўным упраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС.

"Да таго часу гэтыя падраздзяленні ў выніку чарады пераўтварэнняў змянілі ўжо некалькі назваў — АМАП, ПМСП, СРХР... Шуневіч не пярэчыў, але прапанаваў не абмяжоўвацца "зменай шыльды", а выпрацаваць канкрэтныя прапановы па рэфармаванні палка міліцыі спецыяльнага прызначэння і рот хуткага рэагавання з мэтай павышэння іх эфектыўнасці і функцыянальных магчымасцяў. І Кубракоў разам з афіцэрамі прыняліся за работу. Гэта быў сапраўдны мазгавы штурм. У кароткі тэрмін быў зведзены і прааналізаваны шэраг прапаноў па ўдасканаленні формы адзення, тэхнікі, узбраення, тактычных схем", — пералічвалі аўтары артыкула заслугі міліцэйскага начальніка.

Па ініцыятыве Кубракова ў складзе АМАПа быў створаны і ўзвод баявога прызначэння, які можна было б выкарыстоўваць для барацьбы з тэрарызмам да прыбыцця асноўных сіл.

"Міліцыя супраць гвалту"

Каментуючы акцыі пратэсту ў жніўні, Кубракоў у інтэрв'ю кіраўніку АНТ Марату Маркаву заяўляў пра тое, што 50-60% затрыманых былі судзімыя. Тады ж ён сцвярджаў, што некаторыя ўдзельнікі мітынгаў прызнаваліся ў атрыманні грошай.

"Але канкрэтыку я ў цяперашні момант сказаць не магу, таму што ідзе расследаванне, праверка некаторай інфармацыі. Але такія факты, што гэтыя пратэсты аплачваюцца, сапраўды ёсць", — казаў Кубракоў.

На думку Кубракова, "недзяржаўныя СМІ, тэлеграм-каналы паведамляюць толькі тое, што ім выгадна, спрабуюць прадставіць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў той сілай, якая праяўляе жорсткасць пэўную і гэтак далей".

"Дык вось, я хачу з упэўненасцю сказаць, усе органы ўнутраных спраў, уся мінская міліцыя супраць гвалту. Мы ўсяго толькі спыняем супрацьпраўныя дзеянні", — сказаў Кубракоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.