Чубрык: Мы проста вымушаныя будзем аднаўляць перамовы з МВФ

Чубрык: Мы проста вымушаныя будзем аднаўляць перамовы з МВФ

Беларусь адмовілася ад праграмы супрацы з Міжнародным валютным фондам. Нягледзячы на тое, што праграма структурных рэформ ужо была распрацаваная сумеснымі намаганнямі прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска і спецыялістаў МВФ.  Пра гэта міністр фінансаў Максім Ермаловіч распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ.

"У прынцыпе, па ключавых момантах гэтай рэформы ў нас пазіцыі супалі. Мы выйшлі на праграму, але мы разышліся ў тэрмінах яе рэалізацыі. МВФ настойваў на больш сціслым перыядзе, калі гэтыя рэформы павінны былі рэалізоўваць. Кіраўнік дзяржавы ўказаў нам, што гэта будзе высокі шок для нашага насельніцтва і гэтага рабіць нельга. Таму ад праграмы з МВФ ўрад адмовіўся",удакладніў Ермаловіч.

Па словах дырэктара Даследчага цэнтра “Інстытут прыватызацыі і менеджменту”  Аляксандра Чубрыка, сёння ва ўладаў Беларусі не застаецца іншага выйсця, як наноў наладжваць стасункі з МВФ.

“Мы проста вымушаныя будзем аднаўляць перамовы з МВФ. І гэта будзе лагічна, калі браць да ўвагі тыя вонкавыя ўмовы, у якіх мы знаходзімся. Да прыкладу, тая ж сітуацыя ў гандлі нафтай з Расіяй – падатковы манёўр і гэтак далей. Гэта ўсё даволі моцна можа паўплываць на сітуацыю з бюджэтам. А той самы Ермаловіч адзначаў, што для нас вельмі істотна працягваць рэфінансаванне пазыкі. Міністр агучваў лічбу, што 75% пазыкі мусіць быць рэфінансавана. І тут грошы ад МВФ былі б відавочна дарэчы”, — кажа эканаміст.

Калі з МВФ атрымаецца аднавіць перамовы і давесці іх да лагічнага завяршэння, то мы б атрымалі грошы на тое, што мы і так робім у напрамку рэфармавання эканомікі, кажа Аляксандр Чубрык. Праўда, удакладняе суразмоўца Еўрарадыё, пытанне тэрмінаў, у якія Беларусь гатовая правесці тыя ці іншыя рэформы, застаецца. Да прыкладу, рэфармаваць тымі тэмпамі дзяржаўныя прадпрыемствы, на якіх настойвае МВФ, наша краіна сёння і сапраўды не гатовая. Бо гэта можа прывесці да вялікага сацыяльнага напружання, кажа Чубрык. Хоць, па яго словах, у параўнанні з 2008 годам колькасць прыхільнікаў рынкавых рэформ у нашай краіне падвоілася.

Цалкам размову з Аляксандрам Чубрыкам можна паслухаць і паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі