Чэргі на 3D-фільмы ў Мінску знікнуць толькі праз два гады?

Тым часам у Польшчы 3D-фармат ужо састарэў. Нашы суседзі глядзяць фільмы на экране з сяміпавярховы дом, на іх дзьме вецер ці льецца вада, і яны нават адчуваюць розныя пахі

Ажыятаж вакол сталічнага 3D-кінатэатра “Кіеў” не сціхае. Жадаючыя паглядзець фільм “Аватар”, ужо раскупілі ўсе квіткі на люты, паведаміў Еўрарадыё дырэктар мінскага “Кінавідэапраката” Васіль Коктыш:
Васіль Коктыш: “Практычна няма ўжо. У нас шмат заявак, але задаволіць іх мы не можам. Былі жадаючыя прыехаць са Смаленска, але я ім адмовіў”.
А вось у Еўропе паглядзець “Аватар” можна без ўсялякіх праблем і чэргаў. 3D-зала ёсць амаль у кожным лічбавым кінатэатры. Толькі нашых заходніх суседзяў 3D ужо не здзівіш. Напрыклад, палякі могуць паглядзець той жа “Аватар” у больш сучаснай тэхналогіі — 3D IMAX. Экран у такой зале велічынёй з 7-павярховы будынак, даведаліся мы ў варшаўскім кінатэатры “Оранж Аймакс Садыба”:
Супрацоўніца кінатэатра: "Зала "аймакс", вядома, лепшая, чым проста 3D. Там і экран значна большы, і выявы лепшай якасці, чым у звычайным 3D-кінатэатры. Ды і ўвогуле фільм пакідае куды большае ўражанне”.
Акуляры для "аймакса" таксама адрозніваюцца ад звычайных 3D-шных. А вось цэны квіткоў на фільмы ў абедзвюх тэхналогііях аднолькавыя — 28 злотых (каля 28 тысяч рублёў). Таму рэзерваваць сабе месца ў залу 3D IMAX трэба прыкладна за 2 тыдні да паказу.
А вось Беларусь пакуль не можа дазволіць сабе такі кінатэатр, кажа Васіль Коктыш:
Васіль Коктыш: "Аймакс" нам не па кішэні. Гэта зусім іншае абсталяванне. Такія кінатэатры — ну можа ў Маскве адзін пабудавалі. Ён вельмі доўга акупляецца. І сёння, калі сусветны крызіс на вуліцы, ніхто не будзе ўкладаць такія грошы".
У той жа час нашы заходнія суседзі паспяхова засвойваюць не толькі 3D, 4D і 5D, а таксама адукацыйнае інтэрактыўнае кіно.
Тэхналогія 4D акрамя 3-мерных выяваў прадугледжвае спецыяльныя крэслы, якія рухаюцца ў залежнасці ад падзеяў на экране. У такім кінатэатры можна адчуць як дзьме вецер або льецца вада. У залах 5D дадаткова можна пачуць пахі. Аднак даўжыня такіх фільмаў не больш за 15 хвілін, а залы разлічаныя на максімум 30 месцаў.
У Польшчы папулярнасцю карыстаецца таксама інтэрактыўнае кіно для дзяцей. Такія залы абсталяваныя вынаходніцтвамі кшталту рухомых крэслаў, павеваў ветру і пахаў кветак. Спецыяльныя адукацыйныя фільмы складаюцца з 6 частак, а кожную глядзяць у асобнай зале і з рознымі эфектамі. 
Мінскі “Кінавідэапракат” мае адну залу 5D на 8 месцаў у гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Васіль Коктыш упэўнены, што гэтага больш чым дастаткова, а праз год-два ніхто і хадзіць туды не будзе. Таму і вялікай перспектывы развіцця такіх тэхналогій у Беларусі няма.
Васіль Коктыш: “Якая розніца? 4D, 5D…Усё, што вышэй за 3D — гэта атракцыён, гэта кароткаметражныя трох- ці пяціхвілінныя ролікі і ўсялякія эфекты — шчуры там пад нагамі бегаюць, вецер, дождж льецца. Гэта ж не 3D. Вось 3D — гэта сталы інтарэс”.
Таму да канца года ў сталіцы адкрыюць яшчэ адну 3D кіназалу. У недалёкай будучыні ў Мінску з’явіцца і шасцізальны лічбавы кінатэатр на 1200 месцаў. Аднак цалкам задаволіць попыт жыхароў сталіцы на трохмернае кіно змогуць толькі ў 2012 годзе.
Тэхналогія 3D з’явіцца і ў іншых гарадах. У брэсцкім кінатэатры “Беларусь” абяцаюць адкрыць такую залу ужо сёлета.
Супрацоўніца кінатэатра “Беларусь”: “У нас у гэтым годзе плануецца на базе малой залы змяніць фармат на 3D, але гэта будзе толькі ў другой палове года”.
А вось залы 5D у Брэсце, а таксама Маладзечне, Барысаве і Гродна дзякуючы прыватным прадпрымальнікам ўжо існуюць. Яны разлічаныя на 8 месцаў, а квіткі на такія паказы каштуюць 8 тысяч рублёў. Аднак у кінатэатры “Беларусь” нервовым асобам туды хадзіць не раяць.
Супрацоўніца кінатэатра “Беларусь”: Дзяўчына ў нас хадзіла, 8 тысяч на чалавека. Яна сказала, што больш не пойдзе, вельмі страшна. Адчуванні, што цябе хапаюць за ногі, рэжуць, кроў пырскае ў твар, адчуваеш вось, што гэта ўсё проста на цябе льецца”.
А вось пахаў, якія на Захадзе прысутнічаць на 5D-сеансе, гледачы так і не дачакаліся.
Вось так выглядае кіназала ў фармаце  3D IMAX:
А так выглядае атрыкцыён 5D у Брэсце:
Фота: Еўрарадыё, www.kino4d.pl, www.kinoimax.pl, valery-brest-by.livejournal.com